Адкрываем нанова беларускае роднае слова

Напярэдадні дня роднай мовы  супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі запрасілі  шасцікласнікаў  другой  і  сямікласнікаў  першай  гарадскіх школ     на гульню-падарожжа “Адкрываем нанова беларускае роднае слова”. Мерапрыемства было заклікана папоўніць слоўны запас вучняў россыпам народных выказванняў, садзейнічаць прывіццю любові і цікавасці да роднай мовы, жадання размаўляць па-беларуску.

         Дзеці з задавальненнем складвалі прыказкі, падбіралі беларускія адпаведнікі, адгадвалі загадкі. Зацікавіла іх гісторыя фразеалагізма “Вады не замуціць”, народныя прыкметы і павер’і. Надзвычай захапляюча прайшоў “смачны” тур. Слухаючы ўрывак з верша Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”, хлопчыкі і дзяўчынкі адшуквалі назвы беларускіх страў, тлумачылі, з чаго і як яны гатуюцца. А падчас удзелу ў конкурсе “Смачна есці” размяжоўвалі іх і словы-самазванцы. Так, цікавым падалося, што жырандоль, лядоўня, мачыльня, мянташка, палукашак ніякіх адносін да ежы не маюць.  А вось жур, збіцень, ламанцы, наліснікі, узвар, хрусты – гэта вельмі смачна. Цікавай была інфармацыя пра кухара Верашчаку, што  даў назву страве, якую іначай называюць мачанкай. Успомнілі таксама кнігу Яна Баршчэўскага  “Шляхціц Завльня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” і істот беларускіх міфаў: дамавіка, вадзяніка, русалку і іншых. Гульня-падарожжа суправаджалася змястоўнай, маляўнічай відэапрэзентацыяй.

         Падчас мерапрыемства дзеці ўпэўніліся, што беларусы маюць цэлае багацце моўных залацінак, якія пры ўмелым выкарыстанні упрыгожваюць, аздабляюць як вуснае, так і пісьмовае маўленне, робяць гаворку яркай, насычанай, вобразнай і сакавітай.

Добавить комментарий