Краязнаўчая азбука “Ад А да Я – Браслаўшчына мая”

Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі створаны новы буклет – краязнаўчая азбука “Ад А да Я – Браслаўшчына мая”. У выданні ў алфавітным парадку прыведзены звесткі аб 45 адметнасцях краю: гістарычных і культурных помніках, вядомых ураджэнцах, знакамітых падзеях і мясцінах, населеных пунктах, традыцыйных святах і інш. Са зместу буклета можна даведацца, напрыклад, пра гісторыю свята “Браслаўскія зарніцы”, прыродныя асаблівасці возера Цно, дзейнасць ураджэнца Браслаўшчыны Т. Ваўжэцкага, адметнасці Відзаўскага касцёла, паходжанне назвы браслаўскай вёскі Яя і г.д. Кожны з артыкулаў азбукі  дапоўнены ілюстрацыяй ці фотаздымкам; у канцы выдання прыведзены спіс выкарыстанай літаратуры. Краязнаўчая азбука – далёка не поўны пералік вядомых адметнасцяў Браслаўшчыны: у планах бібліятэкараў праца над наступнымі выпускамі. Буклет будзе цікавым і карысным для жыхароў і гасцей азёрнага краю. Са зместам выдання можна пазнаёміцца ў бібліятэцы, або за невялікі кошт набыць яго ў асабістае карыстанне.

Выпуск незвычайнай краязнаўчай азбукі – адно з мерапрыемстваў краязнаўчай эстафеты “Беларускае! Роднае! Сваё!”, якая крочыць па бібліятэках Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна ў Год малой радзімы.