История ЦБС

Да 1939 г. на ўвесь Браслаўскі павет была адна публічная бібліятэка, якая насіла назву “кнігарня”. Размяшчалася яна ў Браславе на вуліцы Юзафа Пілсудскага (зараз вул. Ленінская), у будынку, які зараз знесены. Кнігі, у асноўным, былі на польскай мове.
У 1939 г. пасля вызвалення Заходняй Беларусі была адчынена новая бібліятэка. Захаваліся звесткі, што яе загадчыцай стала Роза Маісееўна Голсман, а потым, у 1940-1941 гадах бібліятэкай загадвала Ц. Левіна. Кніжны фонд налічваў 6 311 экз. Былі адчынены таксама бібліятэкі ў вёсках Ахрэмаўцы і Літоўшчына. Літоўшчынскай бібліятэкай загадвала В. Талстова. У вёсках раёна было адчынена 13 хат-чытальняў, якія налічвалі ў сваіх фондах больш за 4 тысячы кніг. У час нямецкай акупацыі кніжны фонд бібліятэк быў знішчаны.
Пасля вызвалення Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове рашэння райвыканкама ад 5 верасня 1944 г. была адчынена Браслаўская раённая бібліятэка, а таксама 4 сельскія хаты-чытальні: Мяжанская, Муражская, Зарачская, Літоўшчынская. У 1945 г. іх было ўжо 18.
Браслаўская раённая бібліятэка была адчынена ў верасні 1944 г. Дакументы аб адкрыцці бібліятэкі знайсці не ўдалося. Захавалася толькі кніга загадаў па Браслаўскаму РайАНА аб назначэнні загадчыцай бібліятэкі А. С. Калмыковай і бібліятэкарам В. А. Шапіра (загад ад 15 ліпеня 1945 г.). Бібліятэка размяшчалася ў памяшканні цяперашняй майстэрні па рамонту тэлевізараў па вул. Энгельса. Пачатковы кніжны фонд бібліятэкі быў скамплектаваны за кошт кніг, сабраных сярод насельніцтва і прысланых бібліятэкамі Масквы і Урала. Яго колькасны і якасны састаў невядомы.
Да 1953 г. штат бібліятэкі складаўся з двух чалавек: загадчыка бібліятэкі і бібліятэкара. 21 лютага 1953 г. быў адкрыты перасоўны аддзел і яго загадчыцай была назначана Шульгоўская Валянціна Пятроўна. На гэтай пасадзе яна прапрацавала больш 20 гадоў.
З 1954 па 1956 гады раённай бібліятэкай загадвала Кавалеўская Кацярына Паўлаўна, потым загадчыцай бібліятэкі стала Новікава Людміла Пракоф’еўна.
У 1949 г. у Браславе была адчынена Браслаўская гарадская бібліятэка, але яна праіснавала толькі да 1962 г., потым была аб’яднана з раённай бібліятэкай.
Колькасны і якасны састаў кніжнага фонду Браслаўскай раённай бібліятэкі вядомы з 1958 года, калі ў бібліятэцы прайшла інвентарызацыя, у выніку якой высветлілася, што кніжны фонд бібліятэкі складаў 12 140 экз. кніг, з іх 5 236 экз. мастацкай літаратуры і 608 экз. дзіцячай. Пасля аб’яднання раённай і гарадской бібліятэк кніжны фонд вырас і складаў 23 876 экз. За наступныя 10 гадоў яго колькасць павялічвалася наступным чынам: 1963 – 28 530, 1964 – 30 820, 1967 – 31 326 экз.
З 1 лютага 1960 г. пры раённай бібліятэцы была адчынена чытальная зала. У 1964 г. загадчыцай Браслаўскай раённай бібліятэкі стала Аляксандра Канстанцінаўна Казлоўская, у 1974 г. яе змяніла Валянціна Канстанцінаўна Лёўкіна. З 1974 г. і па сённяшні дзень раённая бібліятэка размяшчаецца ў памяшканні былога Дома культуры па вул. Савецкай, 108.
Дзіцячай бібліятэкі ў Браславе да 1953 года не было. Па ўспамінах Кацярыны Паўлаўны Кавалеўскай, якая ў 50-х гадах была загадчыцай раённай бібліятэкі, дзіцячы кніжны фонд быў выдзелены ў раённай бібліятэцы на асобным стэлажы і дзеці абслугоўваліся разам з дарослымі. Колькасць чытачоў-дзяцей з кожным годам расла, і ў 1953 г. згодна рашэння выканкама Браслаўскага райсавета дэпутатаў № 251 ад 17 чэрвеня 1953 года “Аб адкрыцці раённай дзіцячай бібліятэкі ў г. Браславе” раённы аддзел культуры выдаў загад № 32 ад 18 верасня 1953 г. аб адкрыцці дзіцячай бібліятэкі. Бібліятэка была размешчана ў памяшканні раённага Дома піянераў у двух маленькіх пакоях. Штат яе складаўся з 3-х чалавек: загадчыка бібліятэкі, бібліятэкара і прыбіральшчыцы. Першай загадчыцай Браслаўскай раённай дзіцячай бібліятэкі была Эльвіра Сяргееўна Мурашка, бібліятэкарам Мэля Францаўна Гайдзель. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў 675 экз. кніг. На канец 1953 г. бібліятэка абслугоўвала 211 чытачоў. У 1955 г. загадчыцай бібліятэкі была назначана Аляксандра Канстанцінаўна Казлоўская. У 1962 годзе бібліятэка пераехала ў памяшканне, якое раней займала раённая бібліятэка, па вуліцы Энгельса і існавала тут да 1974 года, а потым разам з раённай бібліятэкай была пераведзена ў памяшканне былога раённага Дома культуры, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня. За 10 год існавання бібліятэкі (у 1963 г.) яе кніжны фонд дасягнуў 13 050 экз., колькасць чытачоў павялічылася да 1 196 чалавек, кнігавыдача склала 17 735 экз. У 1968 г. Браслаўскую дзіцячую бібліятэку ўзначаліла Васількова (Сапель) Лідзія Васільеўна, пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума пачала працаваць Гірса (Сяліцкая) Галіна Іванаўна, загадчыцай чытальнай залы працавала Кавалеўская Кацярына Паўлаўна. З 1972 па 1995 гг. Браслаўскай дзіцячай бібліятэкай загадвала Кузьміна Ніна Васільеўна. З 1996 года бібліятэку ўзначаліла Галіна Андрэеўна Мацеша. Пад яе кіраўніцтвам у бібліятэцы на высокім ўзроўні стала весціся экалагічнае выхаванне чытачоў. Бібліятэка цесна супрацоўнічае ў гэтым напрамку з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”. У 2007 г. у бібліятэцы быў адкрыты Экалагічны інфармацыйны цэнтр “ЭКАС”.
У 1963 годзе ў Браслаўскім раёне працавала 81 бібліятэка, з іх 1 раённая, 2 гарпасялковыя, 2 дзіцячыя, 52 прыклубных, 25 сельскіх, а ў 1970 годзе – усяго 69 бібліятэк: 1 раённая, 2 гарпасялковыя, 2 дзіцячыя, 39 прыклубных, 26 сельскіх.
У 1976 г. ў краіне праводзілася цэнтралізацыя бібліятэк. Браслаўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была створана 1 снежня 1976 года. Яна ўключала ў сябе цэнтральную раённую бібліятэку, 2 гарпасялковых, 2 дзіцячых і 61 сельскую бібліятэку-філіял. Іх агульны кніжны фонд налічваў 613 тысяч тамоў, паслугамі бібліятэк карысталіся 29587 чалавек. Значна папоўніўся штат супрацоўнікаў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі, былі арганізаваны новыя аддзелы: аддзел камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду, методыка-бібліяграфічны аддзел, аддзел кнігазахоўвання. У 1977-1978 гг. бібліятэчная сістэма папоўнілася маладымі спецыялістамі, выпускнікамі Мінскага інстытута культуры і Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума.
80–я гады былі адзначаны правядзеннем у Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы 2-х вялікіх святаў кнігі. У 1980 годзе прайшло Свята маладзёжнай кнігі, з запрашэннем прадстаўнікоў камсамольскіх арганізацый горада. На Свята кнігі ў 1984 годзе, якое праходзіла ў Доме культуры, прыйшлі ўсе жадаючыя. Прысутныя сустрэліся з беларускімі паэтамі П. Пруднікавым і А. Дзеружынскім. Ажыўленне ў зале выклікала шэсце літаратурных герояў, якое арганізавалі работнікі Дома культуры і бібліятэкі.
У 1986 годзе ў раённай бібліятэцы пачаў працаваць першы клуб па інтарэсах “Час і мы”. Яго арганізатарам і кіраўніком стала загадчыца чытальнай залы Вольга Анатольеўна Ляснеўская. Клуб існаваў на працягу 5-ці гадоў і з поспехам аб’ядноўваў прадстаўнікоў інтэлігенцыі горада. У рамках клуба праходзілі цікавыя і інавацыйныя на той час па форме правядзення мерапрыемствы – прэс-канферэнцыі, абмеркаванні твораў з літаратурна-мастацкіх часопісаў, літаратурна-музычныя гасцёўні, вялася шырокая практычная работа: акцыі па добраўпарадкаванню і азеляненню горада, удзел у археалагічных раскопках, турыстычныя вандроўкі.
Асноўным напрамкам работы бібліятэк Браслаўскай ЦБС у пачатку 90-х гадоў была прапаганда нацыянальнай культуры і літаратуры. Аб гэтым сведчаць праведзеныя ў гэты час мерапрыемствы: месячнікі прапаганды беларускай літаратуры і жывапісу (1992 г.), тыдзень прапаганды беларускай паэзіі (1994 г.), тыдзень беларускага жывапісу (1995 г.). З 1993 года пры Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне для моладзі “Сучаснік”.
У студзені 1997 г. Браслаўскую ЦБС узначаліла Ляснеўская Вольга Анатольеўна.
Нягледзячы на цяжкае становішча ў краіне, слабае фінансаванне, недастатковае камплектаванне кніжных фондаў, бібліятэкі працягвалі паспяхова выконваць свае функцыі. Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма налічвала на гэты час 42 бібліятэкі, якія заставаліся для многіх жыхароў раёна месцам, дзе яны маглі задаволіць свой попыт на інфармацыю, правядзенне вольнага часу. Пры бібліятэках працавалі 17 клубаў па інтарэсах, вялася вялікая работа па экалагічнаму і прававому выхаванню, стварэнні і папулярызацыі Летапісаў вёсак.
Пачатак новага тысячагоддзя адзначыўся павелічэннем попыту на бібліятэчныя паслугі. Па прычыне эканамічных цяжкасцяў насельніцтва стала значна менш выпісваць перыёдыкі і купляць кніг. Кампенсаваць інфармацыйны голад яны маглі толькі ў бібліятэках. Таму ў той час надавалася вялікая ўвага падпісцы на перыядычныя выданні. У бібліятэкі раёна ў 2001 годзе паступіла 89 назваў беларускіх і расійскіх газет і часопісаў самай разнастайнай тэматыкі. У гэты час у Браслаўскую цэнтральную бібліятэку былі набыты першыя камп’ютэры, што дапамагло ўзняць работу бібліятэкі на ўзровень сучасных запатрабаванняў, аблегчыць работу бібліятэкараў.
У 2002 годзе пры Цэнтральнай бібліятэцы пачаў працаваць Публічны цэнтр прававой інфармацыі, які быў створаны для накаплення, захавання і прадастаўлення карыстальнікам эталоннай прававой інфармацыі на папяровых і электронных носьбітах. Стварэнне Цэнтра дазволіла наведвальнікам карыстацца ўсімі прававымі актамі, якія існуюць у Рэспубліцы Беларусь. Фонд Цэнтра выдзелены асобна, у яго ўваходзяць кнігі, даведнікі прававой тэматыкі, часопісы, дыскі электроннага банка дадзеных “Эталон”. Гэты фонд пастаянна папаўняецца і абнаўляецца. На цяперашні час пры бібліятэках цэнтралізаванай сістэмы Браслаўскага раёна працуюць 8 ПЦПІ.
У 2003 годзе Браслаўская цэнтральная бібліятэка пачала аказваць платныя паслугі карыстальнікам. Спачатку гэта быў начны абанемент. З фонду чытальнай залы сталі выдаваць кнігі і часопісы на той час, калі бібліятэка не працуе. Потым пералік відаў платных паслуг значна пашырыўся. З 2010 года платныя паслугі выконваюць усе бібліятэкі ЦБС.
Жыццё пастаянна ўносіць карэктывы ў работу бібліятэк ЦБС, прымушае ўдасканальваць яе, шукаць новыя формы. У апошні час бібліятэкары сталі больш цесна супрацоўнічаць з Дамамі культуры і клубамі, музейным аб’яднаннем, школамі і гімназіяй. Гэта дазволіла павысіць якасць праводзімых мерапрыемстваў, зрабіць іх больш цікавымі і карыснымі.

Добавить комментарий