Буклеты да 950-годдзя Браслава

Новыя буклеты бібліятэкі да 950-годдзя Браслава

Да 950-годдзя першага ўпамінання Браслава ў пісьмовых крыніцах у бібліятэках Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна праходзіць шэраг мерапрыемстваў краязнаўчай тэматыкі, аб’яднаных у культурна-асветніцкі марафон “Браслаўшчына юбілейная”. У рамках марафону да юбілейнай даты аддзелам бібліятэчнага маркетынгу заснавана новая серыя друкаванай прадукцыі “Цуд і гонар Браслаўскай зямлі”. У пачатку года выйшлі два буклеты гэтай серыі: “Сем цудаў прыроды Браслаўшчыны” і “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны (архітэктурная спадчына раёна)”. Рэйтынг прыродных і архітэктурных аб’ектаў, пра якія расказваецца ў буклетах, быў выбраны шляхам анкетавання карыстальнікаў цэнтральнай бібліятэкі і работнікаў сістэмы. Са зместу першага буклета чытачы могуць падрабязна даведацца аб прыродных асаблівасцях Гары Маяк, азёраў Дрывяты і Воласа Паўднёвы, Слабодкаўскай озавай грады, серавадародных крыніц, вострава Чайчын, Вялікага каменя. Другі буклет утрымлівае звесткі аб архітэктурных асаблівасцях 2касцёлаў у Браславе, Відзах і Слабодцы, Браслаўскай Свята-Успенскай царквы, сядзібна-паркавых комплексаў у Опсе і Бяльмонтах, былога вадзянога млына ў Зараччы.
У чэрвені бібліятэкары стварылі трэці буклет серыі “Цуд і гонар Браслаўскай зямлі” пад назвай “Сем цікавых гістарычных падзей Браслаўшчыны”. У ім расказваецца пра атрыманне Браславам магдэбургскага права і ўласнага герба, падзеі часоў паўстання 1794 года, адметных эпізодах Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна, будаўніцтве і адкрыцці браслаўскай лячэбніцы, заснаванні “Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, пра фестываль “Браслаўскія зарніцы” і іншыя падзеі.
Пазнаёміцца з буклетамі серыі “Цуд і гонар Браслаўскай зямлі” і набыць іх за невялікі кошт у асабістае карыстанне можна ў цэнтральнай бібліятэцы і бібліятэках аграгарадкоў раёна. Буклеты будуць карыснымі для школьнікаў, выхавальнікаў, аматараў краязнаўства, могуць стаць добрым сувенірам для гасцей Браслаўшчыны.

Добавить комментарий