Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прайшлі ў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы. Найбольш значнае мерапрыемства адбылося 3 верасня. Пачалося яно на Замкавай гары, дзе сабраліся ўдзельнікі раённага аб’яднання “Ветразь надзеі” і аматары беларускай літаратуры. З Замкавай гары ўдзельнікі свята ўрачыстай калонай накіраваліся ў Браслаўскі краязнаўчы музей. У гістарычнай скарбонцы нашага краю яе супрацоўнік азнаёміў з экспанатамі выставы, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Апошнім прыпынкам удзельнікаў святочнага шэсця стала пляцоўка каля цэнтральнай бібліятэкі, дзе разгарнулася выстава-галерэя “Скарынаўскі шлях”. Тут прысутным прапанавалі прайсці шляхамі-дарогамі нашага славутага земляка Францыска Скарыны і ўспомніць асноўныя вехі яго жыцця і дзейнасці.

Госці мерапрыемства змаглі пазнаеміцца з лепшымі выданнямі з фонда бібліятэкі. Былі прадстаўлены новыя паступленні ў бібліятэку аб жыцці і дзейнасці беларускага першадрукара — кнігі, якія заслужылі высокія ўзнагароды на розных рэспубліканскіх літаратурных конкурсах. Кожны прысутны мог пагартаць старонкі шматлікіх выданняў па гісторыі роднага краю, аб культурных і духоўных традыцыях Беларусі, маляўнічыя альбомы аб прыродзе краю, кнігі аб жыцці і творчасці беларускіх пісьменнікаў-класікаў, мастакоў і музыкантаў. Сярод прадстаўленых кніг пачэснае месца займалі кнігі-прызеры самых высокіх узнагарод. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай бібліятэкі Калкоўская Данута грунтоўна расказала аб прадстаўленых на выставе выданнях, засяродзіла ўвагу на найбольш значных і адметных.

На тэрыторыі “Свабоднай бібліятэкі” на лавачцы з кнігай у руках прысутных сустракаў сам Францыск Скарына. Незвычайная жывая скульптура ўдала спалучала вонкавае падабенства да знакамітай асобы і выдатныя тэатральныя здольнасці. Гэта надавала святу асаблівы святочны, прыўзняты настрой.                                          

Добавить комментарий