Браслаў – у міжнародным руху Свабодных бібліятэк

Браслаўчане добра ведаюць прыгожы культурны комплекс Свабодная бібліятэка на пляцоўцы каля Цэнтральнай бібліятэкі. Многія жыхары і госці горада актыўна карыстаюцца літаратурай з маленькага кніжнага доміка, адпачываюць на кніжных скамейках, робяць фотаздымкі напамяць. Свабодная бібліятэка жыве актыўным жыццём.

Браслаўскія бібліятэкары хочуць падзяліцца прыемнай навіной. Цэнтральная бібліятэка правяла пэўную падрыхтоўку, у т.л. фінансавую, і атрымала асабісты нумар свайго праекта Свабодная бібліятэка ў міжнароднай супольнасці Little Free Library. У чэрвені Цэнтральная бібліятэка атрымала з ЗША пасылку са спецыяльнай арыгінальнай шыльдай праекта і асабістым нумарам 53659. На міжнароднай геаграфічнай карце праекта менавіта пад такім нумарам зарэгістравалі Свабодную бібліятэку Браслава. Міжнародны нумар быў прымацаваны і адкрыты ва ўрачастых абставінах падчас святкавання Дня беларускага пісьменства 3 верасня.

Цэнтральная бібліятэка ганарыцца, што на міжнароднай карце праекта Little Free Library толькі дзве маленькія бібліятэкі з Беларусі, адна з іх – у Браславе. Ведай нашых!

Заходзьце на сайт Little Free Library.org. Знаёмцеся бліжэй з міжнародным рухам маленькіх бібліятэк пад адкрытым небам.

Яшчэ раз нагадаем, што з кніжнага доміка Свабоднай бібілятэкі ў любы час бясплатна можна ўзяць кнігі, часопісы. Іх не трэба нідзе рэгістраваць, запісваць. Можна ўзамен прынесці свае цікавыя кнігі, пакінуць іх у доміку для чарговых аматараў літаратуры.

Свабодная бібліятэка – гэта зручна, сучасна, заўсёды даступна. Прыходзьце за кнігамі ўсёй сям’ёй. Далучайцеся да друкаванага слова ў любы час з праектам Свабодная бібілятэка.

Добавить комментарий