Этнаграфічны квэст “Мары дзіўныя, утканыя ў ніці”

14 красавіка ў Друеўскай бібліятэцы для дзяцей Друйскай сярэдняй школы прайшоў этнаграфічны квэст “Мары дзіўныя, утканыя ў ніці”. Да гэтага мерапрыемства ў чытальнай зале бібліятэкі была падрыхтавана выстава — знаёмства “Да вытокаў душой дакрануўшыся”. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікалі экспанаты з этнаграфічнага кутка: калаўрот, льняная кудзеля, грэбень для часання лёну, прасніца, якія дэманстраваліся каля выставы. Мерапрыемства было прысвечана беларускаму народнаму ткацтву. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра асаблівасці ручнога ткацтва, гісторыю і традыцыі гэтага рамяства, тканыя вырабы.

На працягу мерапрыемства дзеці прагледзелі відэаролікі: “Традыцыйная апрацоўка ільну”, “Як прасці на бабуліным верацяне”, “Традыцыі ткацтва”, адгадвалі загадкі з ткачовай хаткі.

У канцы мерапрыемства дзецям была прапанавана творчая хвілінка, падчас якой трэба было напісаць некалькі слоў пра мерапрыемства, пасля чаго бібліятэкары разам з прысутнымі прыйшлі да высновы: трэба азірацца ў мінулае, каб не пагасла свечка на покуці — у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню, адчуваць самабытнасць культуры нашага народа.

Добавить комментарий