У рамках комплекснай праграмы “Тэрыторыя бяспекі”, распрацаванай Дзіцячай бібліятэкай-філіялам №1 сумесна з Браслаўскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, прайшло чарговае мерапрыемства. Падчас вясновых канікулаў для вучняў сярэдніх класаў была арганізавана экскурсія ў пажарную часць, дзе інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Вадзім Чэкан расказаў аб гісторыі ўзнікнення пажарнай службы на Браслаўшчыне, аб складанасцях працы выратавальнікаў, прывёў некаторыя статыстычныя дадзеныя аб стане пажарнай бяспекі ў раёне, нагадаў пра спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзе можна набыць прафесію выратавальніка. Найбольшую цікавасць у дзяцей выклікала знаёмства з пажарнай тэхнікай і абсталяваннем. Яны мелі магчымасць пасядзець у салоне пажарнай машыны, самастойна уключыць рацыю, праблісковыя маячкі і сірэну, а найбольш адважныя хлопчыкі пад наглядам спецыялістаў падняліся на машыну, каб уключыць падачу вады, чым выклікалі сапраўдны шквал эмоцый у сваіх сяброў. Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі экскурсіі атрымалі буклеты і памяткі аб правілах паводзін у выпадку надзвычайных сітуацый.
А тым часам у Дзіцячай бібліятэцы праходзіць конкурс малюнкаў “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, які будзе доўжыцца да сярэдзіны мая.