У пачатку верасня ў Друеўскай бібліятэцы адбылося адкрыццё Тыдня беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята ў чытальнай зале бібліятэкі была падрыхтавана цікавая выстава — прэзентацыя “Славутая зямля славутых продкаў”. Тыдзень пачаўся з відэагалерэі “Нам кніжку падараваў Францыск Скарына”.
Дзеці зрабілі вандроўку ў мінулае і даведаліся пра найбольш яркага і значнага прадстаўніка беларускай культуры эпохі Адраджэння Францыска Скарыну. Падчас мерапрыемства дзеці прагледзелі відэафільм “Код Скарыны”, з якога яны даведаліся, што значыць у выданнях Скарыны выява сонца і месяца з чалавечым тварам.
Разнастаіў мерапрыемства дзед Усявед, які завітаў да дзяцей у госці на свята. Ён з дзецьмі здзейсніў завочнае падарожжа ў Полацк у музей беларускага кнігадрукавання. Падчас падарожжа дзеці пазнаёміліся з экспазіцыямі музея, даведаліся, як стваралася кніга ў скрыпторыі (майстэрні перапісчыка) і ў друкарні, пазнаёміліся з рознымі матэрыяламі для пісьма і з гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Вялікую цікавасць выклікалі рукапісныя кнігі на пергаменце. Гаворка суправаджалася дэманстрацыяй медыяпрэзентацыі.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці прынялі ўдзел у гістарычнай віктарыне “Наш Скарына”. Скончылася свята беларускага пісьменства і друку запаветнымі словамі Францыска Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.
Ганна Маслякова, бібліятэкар Друеўскай бібліятэкі філіяла №3