Кожны год у першую нядзелю верасня Беларусь адзначае Дзень беларускага пісьменства і друку. У гэты дзень беларусы выказваюць павагу сваім продкам, якія стварылі падмурак беларускай асветы і пісьменства. Дзень беларускага пісьменства – адно з самых яскравых культурных святаў Рэспублікі Беларусь, адзначаемых на высокім дзяржаўным узроўні. Традыцыйна ён праводзіцца ў гарадах рэспублікі, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
У чарговы раз свята культуры і духоўнасці народа адзначаецца ў старажытным Рагачове. “Геаграфія” свята ахоплівае не толькі буйныя гарады краіны. Ва ўсіх маленькіх куточках нашай краіны святкуюць Дзень беларускага пісьменства і друку.
Не стала выключэннем і Ахрэмаўская бібліятэка. Для наведвальнікаў бібліятэкі была шырока разгорнута кніжная выстава “Паклон беларускаму слову”. На ёй можна было пазнаёміцца з ходам падрыхтоўкі свята ў Рагачове, з яго праграмай, мерапрыемствамі і ўдзельнікамі. На выставе былі прадстаўлены кнігі аб першадрукару Ф. Скарыне, асветніку Сімяоне Полацкім, Кірыле Тураўскім, Еўфрасінні Полацкай і інш. На працягу ўсяго тыдня наведвальнікам бібліятэкі прапаноўваліся творы старажытнай беларускай літаратуры вялікіх гуманістаў-асветнікаў Ф. Скарыны, М. Гусоўскага і інш.
Кніжная выстава, прысвечаная Дню беларускага пісьменства і друку, карысталася вялікай цікавасцю ў чытачоў.
Алена Далецкая, бібліятэкар Ахрэмаўскай бібліятэкі-філіяла №5