21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Не засталася ў баку ад гэтай падзеі і Слабодкаўская бібліятэка. З гэтай нагоды бібліятэка правяла Тыдзень нацыянальнай культуры, які ўключаў цэлы шэраг мерапрыемстваў.
З вялікай цікаўнасцю наведвальнікі знаёміліся з выставай-прызваннем “Любі, шануй, ведай роднае слова”, на якой былі прадстаўлены лепшыя выданні з фонда бібліятэкі, прысвечаныя роднай мове, літаратуры, фальклору. На выставе былі прадстаўлены статыстычныя дадзеныя “Беларуская мова ў лічбах”.
Падчас акцыі “7 дзён з беларускай кнігай” у бібліятэцы размаўлялі толькі на беларускай мове, усім наведвальнікам бібліятэкі прапаноўваліся беларускія кнігі, чытачы ўспаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі.
А 21 лютага ў Дзень роднай мовы была адкрыта літаратурная гасцёўня “Мова родная, сябруй са мной”. Дзякуючы мерапрыемству дзеці зразумелі, што ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова – беларуская. Наша мова вабіць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Родную мову трэба шанаваць, берагчы, і вельмі дрэнна, калі чалавек забываецца на яе.
Для папулярызацыі беларускай літаратуры быў праведзены фота-крос “Вёска чытае беларускую кнігу”. Падчас акцыі супрацоўнікі бібліятэкі прапаноўвалі кнігі беларускіх выдавецтваў не толькі ў бібліятэцы, але і ў магазінах, на вуліцах вёскі, у школе. Былі зроблены фотаздымкі ўсіх, хто любіць чытаць на роднай мове.
Для школьнікаў старэйшага ўзросту быў праведзены бібліяфрэш “Чытанне для добрага настрою”. Бібліятэкары пазнаёмілі школьнікаў з новымі беларускімі кнігамі, якія выйшлі ў беларускіх выдавецтвах.
А каб адчуць сакавітасць і смак роднай мовы ўсім наведавальнікам быў прыгатаваны падарунак — прыгожа аформлены рэцэпт беларускай нацыянальнай кухні. Адчуць смак роднай мовы змаглі не толькі чытачы бібліятэкі, але і многія жыхары вёскі. Супрацоўнікі раздавалі рэцэпты ўсім жадаючым.