Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў бібліятэцы

Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Якім стане чалавек, калі ў яго забяруць родную мову? І сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову. Вось чаму многія беларускія пісьменнікі звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, а штодня размаўлялі на роднай беларускай мове.

У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. Браслаўская цэнтральная бібліятэка далучылася да святкавання гэтай даты падчас правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры.

Усім чытачам бібліятэкары шчыра прапаноўвалі прыняць удзел у акцыі — “Размаўляй са мной па-беларуску!”. Раздавалі лістоўкі з назвамі рэчаў, з якімі мы сутыкаемся, амаль штодзённа, але не кожны ведае, як яны гучаць на беларускай мове. Для многіх было цікава даведацца, што такое, напрыклад, жырандоля ці фіранкі.

Наведвальнікі бібліятэкі атрымалі магчымасць пазнаеміцца з арыгінальнай кніжнай выставай “Кнігі адзначаюць юбілей”, якая была прысвечана беларускім кнігам-юбілярам 2018 года.

Для вучняў старэйшых класаў прайшла размова – прастора “Табе складаю шчыры свой санет, праз прадзедаў жывая мова”. Хлопцы і дзяўчаты ўспомнілі некаторыя гістарычныя звесткі, прынялі ўдзел у пазнавальнай віктарыне і змаглі пачуць кранальныя вершы пра нашу родную мову.

   

Добавить комментарий