Бібліятэкары Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” у канцы лютага падвялі вынікі работы за 2017 год падчас круглага стала “Публічныя бібліятэкі Браслаўскага раёна: арыентыры на эфектыўнасць”. На пачатку нарады дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская паведаміла прысутным прыемную навіну: за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва па выніках работы за 2017 год Друеўскай бібліятэцы прысуджана прэмія Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка”. Затым Вольга Анатольеўна зрабіла аналіз дзейнасці бібліятэк сістэмы за мінулы год і акрэсліла накірункі работы на 2018 год. Больш падрабязней з вынікамі работы бібліятэк раёна прысутных пазнаёміла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч. Яна адзначыла стабільную, паспяховую работу асобных сельскіх і гарадскіх бібліятэк, пазнаёміла з творчымі дасягненнямі бібліятэчнай сістэмы за мінулы год. Выступленне было дапоўнена мультымедыйнай прэзентацыяй.
Затым у рубрыцы “Пляцоўка ідэй” з абменам вопыту работы выступілі бібліятэкары Ганна Маслякова з Друеўскай і Ірына Лясюк з Іказненскай бібліятэк. На абмеркаванне былі вынесены пытанні: “Інавацыйныя падыходы і творчы вопыт у выставачнай і сацыякультурнай дзейнасці бібліятэкі” і “Бібліятэка аграгарадка: сучасныя мадэлі абслугоўвання карыстальнікаў і правядзення мерапрыемстваў”. Інавацыйныя формы работы гэтых устаноў былі адлюстраваны ў цікавых мультымедыйных прэзентацыях.
На нарадзе працаваў Стол інавацый, на якім былі прадстаўлены работы ўдзельнікаў раённага бібліятэчнага конкурсу “Бібліятэка са знакам якасці”; быў зроблены агляд і падрабязны аналіз конкурсных работ. Затым бібліятэкары пазнаёміліся з умовамі раённага конкурсу на 2018 год “Сучасная бібліятэка – сучаснае аблічча”. Напрыканцы нарады дырэктар Вольга Ляснеўская падзякавала бібліятэкараў за плённую працу ў мінулым годзе і пажадала вялікіх творчых поспехаў у папулярызацыі кнігі і чытання сярод жыхароў раёна ў Год малой радзімы.