У Іказненскай бібліятэцы аформлена кніжная выстава пра вядомага паэта Беларусі — Івана Андрэевіча Муравейку, які 21 кастрычніка мог бы адзначыць свой 100-гадовы юбілей.
Іван Муравейка – паэт, які праславіўся вершамі для дзяцей, аўтар нарысаў, франтавых запісак, апавяданняў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік культуры Беларусі, выдатнік друку СССР, лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” і прэміі імя В.Віткі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ганаровы грамадзянін горада Любань і проста цудоўны чалавек!
Друкавацца Іван Муравейка пачаў яшчэ ў даваенны час. Першыя вершы выйшлі ў газеце “Піянер Беларусі”. Такое цяжка і ўявіць – лічы, 85 гадоў творчай працы!..
Многія вершы, казкі, апавяданні беларускага паэта, якія ўвайшлі ў зборнікі, дзіцячыя энцыклапедыі, буквары, былі прадстаўлены на кніжнай выставе ў бібліятэцы. Карыстальнікі бібліятэкі з цікавасцю пазнаёміліся з творчасцю знакамітага паэта, якая служыць узорам для беларусаў і прыкладам адданасці роднаму краю, які Іван Муравейка апеў і праславіў у сваіх творах.