Напалеону Ордзе прысвячаецца

Выстава “Стваральнік неўміручых вобразаў Бацькаўшчыны”, прысвечаная 215-годдзю  Напалеона Орды, разгорнута на старэйшым абанеменце Дзіцячай бібліятэкі. Жыццё і творчасць гэтага выдатнага чалавека непарыўна звязана з Беларуссю. Тут ён нарадзіўся, тут прайшло яго юнацтва і каля трыццаці гадоў сталага жыцця. Разам з тым, больш за трыццаць гадоў ён, асцерагаючыся рэпрэсій пасля паўстання 1830-1831 гг., правёў за мяжой, большую частку – у Парыжы. Парыжскі перыяд прынёс Н. Ордзе вядомасць сярод выдатных дзеячаў еўрапейскай культуры. Тут ён канчаткова вызначыў для сябе прыярытэты ў творчасці – заняткі музыкай і жывапіс. Некаторы час працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, стварыў больш за 20 музычных твораў розных жанраў. У свеце Н. Орду больш ведалі як кампазітара.  Але для Беларусі  ён – мастак. Тут ён  стварыў каля 200 замалёвак, якія ўяўляюць сабой шырокую панараму каменнай забудовы 19 стагоддзя ў розных стылях. З асаблівай увагай мастак маляваў старажытныя замкі, многія з якіх ужо ў той час ляжалі ў руінах. Усяго ж мастацкая спадчына  Н. Орды складае больш за 1150 акварэляў і графічных работ.

         Адметнасць нашай выставы ў тым, што на её прадстаўлены фотаздымкі замалёвак Н. Орды і тыя ж мясціны ў сучасным выглядзе. Ёсць там і куточкі Браслаўшчыны: Браслаў, Друя, графскі палац і касцёл у Ахрэмаўцах. Уяўляюць інтарэс таксама артыкулы і паэтычныя творы пра нашага выдатнага суайчынніка: “Балада Напалеона Орды” В. Шніпа і “Беларускі Напалеон” Ул. Мазго.

Добавить комментарий