Кнігі, якімі ганарыцца бібліятэка

     У апошні час Цэнтральная бібліятэка добра камплектуецца сацыяльна значымай літаратурай, якая выпускаецца беларускімі дзяржаўнымі выдавецтвамі. Каб чытачы бібліятэкі маглі бліжэй пазнаёміцца з гэтымі выданнямі, ў чытальнай зале аформлена выстава “Кнігі, якімі ганарыцца бібліятэка”. Прадстаўленыя на выставе кнігі карыстаюцца павышаным попытам у наведвальнікаў бібліятэкі. Яны прысвечаны гісторыі роднага краю, культурным і духоўным традыцыям беларусаў, знакамітым беларускім пісьменнікам, мастакам і музыкантам.

   Цэнтральнае месца на выставе займае “залаты” фаліянт “Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі…”. Гэта выданне прыўрочана да 75-годдзя з дня нараджэння знакамітага музыканта і ўтрымлівае шмат невядомых фактаў аб жыцці і творчасці песняра, яго калегах, родных і блізкіх людзях, а таксама каля 800 рэдкіх фотаздымкаў. Гэта кніга заваявала прызавое месца на Міжнароднай кніжнай выставе – кірмашы ў Мінску, атрымала вышэйшую ўзнагароду нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі — 2016” і стала пераможцай у намінацыі “Трыумф”.

   Наступнае выданне, на якое раім звярнуць увагу, называецца “Беларусь замкавая”. Гэты альбом – вялікі навуковы і медыйны праект. У аснове яго – спіс помнікаў, уключаных у дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”. Выданне адразу выклікае цікавасць у чытачоў: яго аб’ём – больш як паўтысячы старонак, вага кнігі – амаль пяць кілаграмаў. Над ёй працавалі 18 аўтараў – гісторыкаў і 20 фотамастакоў. Кніга змяшчае картаграфічныя, архіўныя, музейныя матэрыялы з айчынных і замежных крыніц, гістарычныя малюнкі і гравюры, а таксама больш як тры дзясяткі ўпершыню апублікаваных здымкаў беларускіх замкаў. Верагодна, знаёмства з гэтым выданнем натхніць многіх нашых чытачоў на падарожжы па знакамітых мясцінах роднай краіны, каб пабачыць веліч і чароўнасць старажытных збудаванняў.

      Аўтарам наступнай кнігі “Таямніцы Крэўскага замка: Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім”IMG_3575 з’яўляецца вядомы беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Амаль 700-гадовы Крэўскі замак, які знаходзіцца на Гродзеншчыне, вядомы ў гісторыі найперш тым, што вялікі князь літоўскі Ягайла падпісаў тут пагадненне з Каралеўствам Польскім, якое назвалі Крэўскай уніяй. З гэтым замкам звязаны лёсы многіх гістарычных асоб і, як кожны старажытны замак, ён ахінуты легендамі, паданнямі і небыліцамі. У ім дагэтуль жывуць прывіды, а падземныя хады ўсё яшчэ чакаюць сваіх адкрывальнікаў.

    Вядомы беларускі фотамастак Анатоль Кляшчук з’яўляецца аўтарам фотаальбома “Карагод беларускіх абрадаў”. Пад адной вокладкай сабраны ўнікальныя здымкі, на якіх зафіксаваны святы і абрады беларусаў з самых розных куткоў нашай краіны, многія з якіх узяты пад ахову дзяржавы. Гэта вынік шматгадовай пра430_mцы фотамастака, які пабываў у самых аддаленых куточках нашай краіны, сустракаўся з удзельнікамі, захавальнікамі і носьбітамі нацыянальных традыцый. На ХХIII Міжнароднай  кніжнай выставе – кірмашы ў намінацыі “Фотапогляд” гэта выданне стала пераможцай нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2016”. Тым, хто зацікавіцца гэтым альбомам, фотаздымкі не толькі пацешаць вока і сэрца, але яны яшчэ прымусяць задумацца пра спадчыну, якую так лёгка страціць.

     Гэта далёка не ўсе ўнікальныя выданні, якія прадстаўлены на выставе і знаходзяцца ў фондах бібліятэкі. Таму запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з лепшымі выданнямі сацыяльна значымай літаратуры, дакрануцца да памяці, гістарычных і культурных традыцый беларускага народа.

IMG_3576

Добавить комментарий