Бібліятэка – для сям’і

       Як выхаваць будучага чытача? На гэта пытанне бібліятэкары Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” Віцебскай вобласці ведаюць адказу сям’і. Даўно вядома, калі чытаюць бацькі – будуць чытаць і дзеці. Менавіта бацькі з’яўляюцца першымі і галоўнымі пасрэднікамі паміж кнігай і маленькім чытачом. Зрабіць кнігу агульным сябрам у кожным доме, а наведванне бібліятэкі яго добрай традыцыяй – гэта вялікае жаданне браслаўскіх бібліятэкараў. У некаторых бібліятэках ужо напрацаваны свае традыцыі па рабоце з сем’ямі, па адраджэнню сямейнага чытання.

Тры бібліятэкі ў сістэме: Браслаўская дзіцячая, Слабодкаўская і Відзаўская гарпасялковая, працуюць па спецыяльна распрацаваных праектах, накіраваных на прыцягненне да чытання дзяцей розных узроставых груп, развіццё культуры сямейнага чытання метадамі і сродкамі інавацыйных бібліятэчных і інфармацыйных тэхналогій. У гэтым годзе мерапрыемствы гэтых бібліятэк уключаны ў Рэспубліканскі план па правядзенню Года культуры і праводзіліся яны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Сямейнае чытанне”, якая была аб’яўлена Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Але і астатнія бібліятэкі сістэмы ўдзяляюць вялікую ўвагу рабоце з дзецьмі і іх бацькамі.

Ужо не першы год Браслаўская дзіцячая бібліятэка праводзіць Дзень адчыненых дзвярэй “Бібліятэка для маладых сямей”. На чарговае свята сабраліся 11 сямей з дзеткамі ва ўзросце ад чатырох да сямі гадоў, для якіх бібліятэкары падрыхтавалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне. Так, гасцей сустракала Каралева Кніга, а дапамагаў ёй забаўляць прысутных вясёлы гарэза Карлсан. Разам яны праводзілі цікавыя конкурсы і віктарыны, гулялі, спявалі і танцавалі. Для маленькіх правялі экскурсію па бібліятэцы, падчас якой праходзіў розыгрыш прызоў, а мамы і таты атрымалі слушныя парады пра важнасць сумеснага чытання і рэкамендацыі па падборы кніг ад настаўніка пачатковых класаў. “Няхай у кожным доме будзе паліца з любімымі кнігамі. Чытайце разам з дзецьмі, бо гэта адна з сямейных традыцый, якая закладае трывалы падмурак для добрых узаемаадносін у сям’і”, — пажадалі на развітанне бібліятэкары сваім гасцям.

IMG_0318 IMG_0330IMG_0324

Добавить комментарий