Цікавая сустрэча адбылася ў канцы чэрвеня ў публічнай бібліятэцы аграгарадка Слабодка Браслаўскага раёна. Дакладней, гэта былі дзве сустрэчы: сустрэча з новай кнігай і сустрэча з цікавымі людзьмі.
У бібліятэцы прэзентавалі кнігу «Владимир Мулявин «Сэрцам і думамі”». 75-гадовы юбілей Уладзіміра Мулявіна шырока адзначаецца ў рэспубліцы і разам з іншымі юбілейнымі датамі беларускай культуры ўключаны ў Рэспубліканскі план мерапрыемстваў да Года культуры.
На прэзентацыю кнігі былі запрошаны рэдактар-складальнік кнігі Людміла Крушынская, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крапак, якія сябравалі з Мулявіным і яго жонкай-паплечніцай Святланай Пенкінай шмат гадоў. Беларускі мастак Мікалай Стас, які прысутнічаў на прэзенітацыі, 2 гады працаваў у калектыве “Песняроў” у якасці дызайнера. Добра ведала сям’ю Мулявіных Ірына Скрыпнік. Усім гэтым людзям было што расказаць аб старонках біяграфіі і творчасці Мулявіна, аб яго ўласных якасцях – сціпласці і добразычлівасці. Бібліятэкай была падрыхтавана электронная прэзентацыя аб жыцці і дзейнасці знакамітага “песняра”, госці з задавальненнем каменціравалі кожны фотаздымак, расказвалі аб гісторыі стварэння знакамітых песень.
Сапраўдным сюрпрызам для прысутных стала тэлефонная размова Л. Крушынскай з салістам “Песняроў” Леанідам Барткевічам па гучнай сувязі. Былы калега Мулявіна сказаў шмат цёплых слоў у адрас арганізатараў сустрэчы.
Прэзентацыя кнігі «Владимир Мулявин «Сэрцам і думамі”» стала чарговым мерапрыемствам ў бібліятэцы да Года культуры ў Беларусі.