Тыдзень беларускага пісьменства

Правядзенне Тыдня беларускага пісьменства і друку стала ў Друеўскай бібліятэцы адметнай з’явай культурнага жыцця і сімвалам шанавання духоўных каштоўнасцей.  Гэта свята вяртае нас да гістарычных каранёў і вытокаў, сведчыць аб захаванні традыцый мінулых пакаленняў ад часоў Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, узвышае прэстыж пісьменства як аснову нацыянальнай культуры.

У пачатку верасня ў Друеўскай бібліятэцы адбылося адкрыццё Тыдня беларускага пісьменства і друку.  Да гэтага свята ў чытальнай зале была падрыхтавана цікавая выстава – абрус “Ад мінулага ў сёння, і ад сёння – у заўтра, вядзе нас друкаванае слова”. Тыдзень пачаўся з размовы з мінулым “Духоўныя набыткі Беларусі”.

Напачатку мерапрыемства бібліятэкар Ганна Маслякова яшчэ раз узгадала пра вялікую дату, якую адзначае наша краіна – 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Дзеці зрабілі вандроўку ў мінулае і даведаліся пра найбольш яркага і значнага прадстаўніка беларускай культуры эпохі Адраджэння Францыска Скарыну. Падчас мерапрыемства дзеці прагледзелі відэафільм “Код Скарыны”, з якога даведаліся, што значыць у яго выданнях выява сонца і месяца з чалавечым тварам.

Далей адбылося знаёмства з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб — Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Ефрасінні Полацкай. Скончылася размова запаветнымі словамі Францыска Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.

На другі дзень вучні Друйскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Дарога да святыняў друкаванага слова”, дзе пазнаёміліся з гістарычнымі і культурнымі цэнтрамі правядзення дзён беларускага пісьменства, прагледзелі відэапрэзентацыю “Вялікія і славутыя асобы сталіц свята беларускага пісьменства”, паўдзельнічалі ў гульнях.

Яскравае, жывое слова, што гучыць праз гады і стагоддзі ў друкаваных радках паслядоўнікаў Францыска Скарыны, і сёння кранае людскія сэрцы, трапяткім агеньчыкам асвятляе нашы душы і вядзе за сабой самым верным, нязменным шляхам асветніцтва і дабрыні.                

Добавить комментарий