У новым навучальным годзе пры Дзіцячай бібліятэцы працуе клуб юных этнографаў «ЭтнаЎсё пра Беларусь». Яго члены – вучні 4 «Б» класа другой гарадской школы. 30 верасня адбылося першае пасяджэнне ў форме этнаграфічнай гадзіны «У гумне, адрыне, свірне…» Дзеці пазнаёміліся з вясковай сядзібай: даведаліся, з якіх пабудоў складаўся гэты жыллёва-бытавы комплекс, як выглядала і для чаго прызначалася кожная з іх, якія павер’і і звычаі існавалі адносна двара, плоту, калодзежа, лазні, буслянкі. Дзякуючы слайдам відэапрэзентацыі хлопчыкі і дзяўчынкі пабывлі ў гумне, асеці, стопцы, павеці, адрыне, клеці. Вялікую цікавасць выклікалі міфалагічныя істоты, якія, паводле вераванняў нашых продкаў, насялялі сядзібу: Дваравік, Лазнік, Гуменнік, Ёўнік, Баган, Вазіла, Кумяльган. Паветнік, Жыцень. Даведацца шмат новага і цікавага пра жыццё і побыт нашых продкаў, абагаціць свой слоўнікавы запас, карысна правесці час дазволіла гэта сустрэча дзецям.