Прававыя веды дае бібліятэка

         Публічныя цэнтры прававой інфармацыі, якія функцыяніруюць пры дзяржаўных публічных бібліятэках, з’яўляюцца значным элементам інфармацыйнага, культурнага і прававога асяродка рэгіёна. Менавіта яны ствараюць неабходныя ўмовы для аператыўнага забеспячэння прававой інфармацыяй ўсіх катэгорый грамадзян, фарміруюць іх прававую культуру, садзейнічаюць прававому выхаванню падрастаючага пакалення. Сёння на базе бібліятэк Браслаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы паспяхова працуюць 8 Публічных цэнтраў прававой інфармацыі, у якія па розных пытаннях прававога характару ў мінулым годзе звярнуліся 680 карыстальнікаў, было выканана больш за 900 даведак. Усе ПЦПІ добра ўкамплектаваны неабходнай літаратурай, заканадаўчымі матэрыяламі, маюць выхад у Інтэрнэт, што дае магчымаць штодзённа абнаўляць ЭБД “Эталон”.

         З мэтай ўдасканалення практычнай дзейнасці ПЦПІ ў дадзеным накірунку, стымулявання творчай ініцыятывы супрацоўнікаў бібліятэк, у 2016 годзе быў праведзены абласны конкурс “Лепшы публічны цэнтр прававой інфармацыі Віцебскай вобласці”, у якім прынялі ўдзел 3 бібліятэкі ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна”. Трэба адзначыць, што прадстаўленыя на конкурс работы не засталіся па-за ўвагай кампетэнтнага журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь і яго рэгіянальнага філіяла, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бібліятэк Віцебшчыны. Усе тры бібліятэкі сталі пераможцамі конкурсу і атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У намінацыі “Лепшы ПЦПІ на базе гарадской (гарпасялковай) бібліятэкі” дыпломам другой ступені адзначана Відзаўская гарпасялковая бібліятэка (бібліятэкар Г.Кандратовіч). Другое месца таксама прысуджана ПЦПІ Іказненскай бібліятэкі (бібліятэкар І.Лясюк) у намінацыі “Лепшы ПЦПІ ў сельскім населеным пункце”. Дыпломам за асаблівыя дасягненні адзначаны ПЦПІ Цэнтральнай бібліятэкі (бібліятэкар Г.Драбовіч) у спецыяльнай намінацыі “Лепшая арганізацыя пры бібліятэцы клубных (аматарскіх) аб’яднанняў і супрацоўніцтва з юрыдычнымі службамі раёна”. Сёння пры бібліятэцы паспяхова працуюць аматарскія аб’яднанні “Сучаснік”, “Арыенцір” і “Сустрэча”, якія садзейнічаюць прававому выхаванню грамадзян усіх узростаў. Усе пераможцы конкурсу атрымалі бібліятэчкі кніг прававой тэматыкі для папаўнення фондаў сваіх цэнтраў прававой інфармацыі.

Добавить комментарий