Падарожнічаюць бібліятэкары

Штогод у Дзяржаўнай установе культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” ладзяцца экскурсіі для бібліятэкараў у рамках творча-інавацыйнага праекта “Пашыраем прафесійныя гарызонты”. 29 чэрвеня адбылося чарговае падарожжа ў сталіцу з насычанай экскурсійнай праграмай. Усе аб’екты для наведвання былі абраны арганізатарамі невыпадкова. Экскурсія праходзіла напярэдадні Дня незалежнасці, таму ў першую чаргу вырашылі наведаць Курган Славы – знакавы аб’ект для Беларусі, сімвал слаўных перамог савецкага народа. Пераадолелі 241 прыступку і падняліся на 70-мятровую вышыню кургана.  З вышыні палюбаваліся прыгожымі краявідамі наваколля, на пляцоўцы ля кургана акунуліся ў прадсвяточную атмасферу падчас рэпетыцыі ўрачыстыга мерапрыемства да галоўнага свята краіны.

Затым вырашылі наведаць Музей навукі, таму што падарожжа праходзіла ў Год навукі. У музеі, які знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, сталі сведкамі і ўдзельнікамі незвычайных навуковых вопытаў і эксперыментаў, узгадалі добравядомыя са школьнай праграмы факты ў незвычайнай інтэрпрэтацыі. Потым рушылі ў Мемарыяльны літаратурны музей Я. Коласа, каб у год 135-годдзя з дня нараджэння беларускага песняра аддаць даніну павагі і памяці народнаму паэту. Агледзелі літаратурную і мемарыяльную частку экспазіцыі, адчулі незвычайную аўру ў рабочым кабінеце Я.Коласа, дзе захоўваюцца яго асабістыя рэчы і нібы вітае дух самога паэта.

Затым наведалі кватэру-фотастудыю “З ног на галаву”. Крэатыўныя супрацоўнікі дапамаглі зрабіць “прыкольныя” фотаздымкі, што спадабалася ў першую чаргу тым, хто актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.

Уразіў бібліятэкараў  музей архітэктурных мініяцюр “Страна мини”. У экспазіцыі прадстаўлены амаль 20 зменшаных копій архітэктурных помнікаў Беларусі.  Дасканаласць выканання дазваляе наведвальнікам  добра ўявіць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў старажытных замках у далёкім мінулым. Музей парадаваў сваім тэхнічным аснашчэннем і грунтоўнасцю экскурсіі.

Завяршылася падарожжа наведваннем сезоннага музея марозіва “Белы полюс”. Пазнаёміліся з гісторыяй стварэння салодкага ласунку, яго “эвалюцыяй”, з задавальненнем паспрабавалі розныя віды марозіва.

Напамяць аб падарожжы засталіся шмат фотаздымкаў і толькі добрыя ўражанні.  

Добавить комментарий


Warning: file_put_contents(/home/user2051389/www/braslavcbs.by/wp-content/uploads/2013/c070bc55c7774ea1f0d0a39668d47c69.jpg): failed to open stream: No such file or directory in /home/user2051389/www/braslavcbs.by/wp-content/themes/catch-box/functions.php on line 448