З нагоды юбілею П. Місько ў Дзіцячай бібліятэцы разгорнута кніжная выстава. Павел Місько вядомы ў першую чаргу як дзіцячы пісьменнік, аўтар казак і фантастычных твораў. Праявіў сябе таксама як драматург, публіцыст. Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля. Перакладаў з рускай, украінскай, балгарскай, польскай моваў.
У экспазіцыі выставы, акрамя кніг, можна пазнаёміцца з думкамі П.Місько. Вельмі трапна, з тонкім гумарам разважае ён аб аб’ектыўным і суб’ектыўным у творчасці, аб мове мастацкага твора, аб жыцццёвых нягодах, аб 90-х гадах.
Спадзяемся, выклікаюць зацікаўленасць у наведвальнікаў выставы ўспаміны дачкі пісьменніка Марыны Сідаровіч. Яна расказвае аб тым, як бацька забаўляў сваіх дзяцей, як цікава было з ім, як ён любіў і ведаў прыроду, як многа ўмеў рабіць уласнымі рукамі, нават вязаць, плесці лапці, паясы, закладкі. Павел Місько быў надзвычай добрым чалавекам. Напрыклад, перакладаючы, ён “змякчыў” сюжэт казкі пра Піліпку-сынка: у печцы засмажваецца не ведзміна дачка, а дрэнны пацук. Наогул, П. Місько любіў пісаць для дзяцей, лічыў іх самымі ўдзячнымі чытачамі і самымі шчырымі крытыкамі. Пісьменніцкая праца была для яго хлебам для душы. М. Сідаровіч узгадвае таксама самы цяжкі, пераломны перыяд у жыцці бацькі – пачатак 90-х. Смерць жонкі, страта набытку, падзенне прэстыжу пісьменніцкай працы, немагчымасць зарабляць на жыццё творчасцю негатыўна паўплывалі на яго. Але ён не ўпаў у дэпрэсію, а стаў выжываць, як селянін. У апошніх творах мы бачым іншага П. Місько. На жаль, пасля смерці пісьменніка засталіся нявыдадзенымі кніга гумару і дзіцячая, пра сінявокае мышаня.