Непаўторнасць гучання роднага слова

З 18 па 21 лютага ў Пагашчанскай бібліятэцы адбыўся Тыдзень роднай мовы, падчас якога карыстальнікі бібліятэкі адправіліся ў віртуальны літаратурны круіз “Вандруем па Беларусі разам з беларускімі аўтарамі”. Пабывалі ў вёсцы Малая Люцінка, дзе нарадзіўся В. Дунін-Марцінкевіч, зрабілі прыпынак ў вёсцы Бычкі, радзіме В. Быкава. Трэцім прыпынкам была вёска Хляўно — родны куток Ніла Гілевіча, наведалі вёску Ласток, дзе правёў сваё дзяцінства Якуб Колас і хутар Вязынку, дзе размясцілася хата-музей Янкі Купалы. На кожным прыпынку гучалі пранікнёныя радкі з творчай скарбонкі аўтараў.

Усім вядома біблейскае выказванне “Спачатку было слова”. І гэта сапраўды так, бо без яго не можа абыйсціся ні песня, ні кіно, ні кніга, ні нават карціна мастака. Яно – галоўнае. Яно – скарб. Мэта правядзення кніжнай скарбонкі “Слава кніжцы беларускай” — абмеркаванне стану нашай роднай мовы, разважанні аб яе ўжыванні ў паўсядзённым жыцці, аб адносінах насельніцтва да нашай беларускай мовы і беларускіх кніг, аб запатрабаванасці беларускамоўнай літаратуры і яе распаўсюджванні ў грамадстве. Бібліятэкары пастараліся выклікаць цікавасць да беларускай кнігі, стварыць базу для паспяховага авалодвання беларускай літаратурнай мовай.

Флэшмоб “Гадзіна чытання на беларускай мове” праходзіў у памяшканні бібліятэкі. Усе ўдзельнікі з задавальненнем чыталі радкі на роднай мове з кніг, прадстаўленых на кніжнай выставе “Мова родная – мова модная”.

21 лютага, да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшла гадзіна роднай мовы, падчас якой супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення свята, з вершамі, загадкамі-жартамі і песнямі, прысвечанымі беларускай мове. Агучылі 10 запаведзяў аб мове і заклікалі шанаваць, паважаць, не саромецца і часцей карыстацца нацыянальным скарбам – роднай мовай.

Добавить комментарий