“Нарбута яркая постаць як маяк свеціць нам”

4 мая споўнілася 170 год  з дня нараджэння знакамітага браслаўскага лекара Станіслава Нарбута. Сваёй самаахвярнай дзейнасцю ён назаўжды застаўся ў сэрцах браслаўчан.  Бальніца, якая была пабудавана пад яго кіраўніцтвам, і у якой ён працяглы час праводзіў хірургічныя аперацыі, прымаў пацыентаў і лячыў хворых, на доўгія гады атрымала назву “Нарбутаўская”. Ёсць у Браславе вуліца Нарбута. На магіле доктара на Замкавай гары гарыць ліхтар –маяк у гонар яго дзейнасці. На тэрыторыі паліклінікі ў 2008 годзе ўсталяваны помнік-бюст славутаму доктару. Яго біяграфія – гэта прыклад служэння людзям і краіне.

Таму ў Пагашчанскай бібліятэцы юбілею лекара-гуманіста было прысвечана некалькі мерапрыемстваў. Была падрыхтавана кніжная выстава-віктарына “Нарбута яркая постаць як маяк свеціць нам”, дзякуючы якой вучні сярэдніх класаў змаглі бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй знакамітага браслаўскага лекара. Адказы на пытанні віктарыны яны шукалі ў дакументах, прапанаваных на выставе. Аналагічная віктарына ў анлайн-фармаце была размешчана ў сацыяльных сетках, і ў ёй мелі магчымасць паўдзельнічаць усе жадаючыя. Найбольшую актыўнасць праявілі дзевяцікласнікі Опсаўскай сярэдняй школы.

Пераможцы віктарыны былі запрошаны ў Пагашчанскую бібліятэку на імпрэзу “Станіслаў Нарбут – вядомы і невядомы”, якая прайшла 21 мая. Госць мерапрыемства, браслаўскі экскурсавод-краязнаўца Віктар Бунта, падрабязна расказаў пра складаныя акалічнасці лёсу славутага лекара і  аб шматгранным таленце гэтай неардынарнай асобы.

Удзельнікі мерапрыемства шмат новага і цікавага даведаліся аб яшчэ адной старонцы з гісторыі Браслаўшчыны.

Добавить комментарий