Разгорнутую выставу “Браслаўскі раён: багатая гісторыя, годная сучаснаць” арганізавалі работнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Браслаўскай цэнтральнай бібліятэкі ў фае Раённага цэнтра культуры падчас правядзення ўрачыстага сходу па падвядзенню вынікаў работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна за 2017 год. Падрыхтоўка да яе афармлення патрабавала ад бібліятэкараў шмат часу і карпатлівай працы па збору матэрыялаў і храналагічных звестак. Распачыналася выстава пазл-акцыяй “Мая Віцебшчына”, прымеркаванай да 80-годдзя з часу ўтварэння Віцебскай вобласці. Многія з прысутных з задавальненнем складвалі з пазлаў-раёнаў карту Віцебскай вобласці. Увагу гасцей мерапрыемства прыцягвалі спецыяльныя планшэты, па якіх можна было прасачыць гісторыю ўтварэння і развіцця Браслаўскага раёна, пачынаючы з 1940 года і па сённяшні дзень. На кожным планшэце ўтрымліваліся звесткі аб важных падзеях, якія адбываліся ў горадзе і раёне па дзесяцігоддзях. Асобным блокам была прадстаўлена інфармацыя аб найбольш значных падзеях жыцця рэгіёна па гадах. Напрыклад, 1944 – Браслаўскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў часцямі 1-га Прыбалтыйскага фронту, 1953 – у Дрысвятах прайшло ўрачыстае адкрыццё ГЭС “Дружба народаў” і г.д. Выстава была дапоўнена літаратурай аб Віцебскай вобласці і Браслаўшчыне, шматлікай друкаванай прадукцыяй краязнаўчага накірунку, якую выпускае аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Гэты раздзел выставы выклікаў у прысутных асаблівую цікавасць, бо некаторыя звесткі з мінулага краю многім былі невядомы.
Больш шырока арганізатары выставы прадставілі значныя падзеі 2017 года. Жыхарам Браслаўшчыны ёсць кім і чым ганарыцца. Браслаўскі раён упершыню занесены на абласную Дошку гонару за паспяховае выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, як пераможца спаборніцтва сярод раёнаў, гарадоў Віцебскай вобласці, а горад Браслаў занесены ў турыстычны даведнік “Лепшае ў Беларусі”. У мінулым годзе прайшло юбілейнае 50-е Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, падчас якога адбылося ўрачыстае адкрыццё паруснай школы ў Браславе. Асобнае месца на выставе займалі фотаздымкі і звесткі аб людзях, якія сваёй працай праславілі Браслаўшчыну і з’яўляюцца яе гонарам. Гэта Валянціна Таўкінь – галоўны аграном СВК “Маяк Браслаўскі”, якая абрана чалавекам года Віцебшчыны, Рамуальд Шукель – старшыня гэтай жа гаспадаркі, якому прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іван Абаровіч у мінулым годзе быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Бібліятэчная сістэма ганарыццы тым, што Друеўская бібліятэка стала лепшай сельскай бібліятэкай Віцебскай вобласці па выніках работы за 2017 год. Гэта падзея таксама была адзначана на выставе асобным пунктам.
З цікавасцю знаёміліся з матэрыяламі экспазіцыі кіраўнікі горада і раёна падчас экскурсіі, якую правяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч.