Мастацкая выстава ў Дзіцячай бібліятэцы

         Да дня нараджэння Янкі Купалы ў чытальнай зале Дзіцячай бібліятэкі была разгорнута вялікая мастацкая выстава «Пясняр у творах мастакоў». Факты біяграфіі паэта, героі яго твораў і ў першую чаргу сам пясняр не раз з’яўляліся на жывапісных палотнах.Сярод выяў Янкі Купалы асаблівую каштоўнасць і цікавасць уяўляюць работы, створаныя мастакамі, якія асабіста ведалі паэта ці сустракаліся з ім, напрыклад Сцяпан Андруховіч. Захапленне творчасцю песняра, любоў да яго спадчыны дапамаглі стварыць  запамінальныя выявы, што перадаюць псіхалагічны стан народнага поэта, мастакам Н. Воранаву, Х. Ліўшыцу.

         Яркія эпізоды з жыцця Янкі Купалы неаднаразова станавіліся сюжэтамі тэматычных карцін. Жывапісцы Ф. Янушкевіч. А. Кроль, Л. Дударэнка малявалі паэта ў кантэксце часу, побач з сучаснікамі, сябрамі, аднадумцамі. Народныя мастакі Беларусі Г. Вашчанка і М. Савіцкі пісалі на сваіх палотнах паэта ў росквіце сіл і творчай энергіі. У. Тоўсцік узнаўляе ў сваёй карціне знакавую старонку з гісторыі нацыянальнага тэатра – прэм’еру камедыі «Паўлінка» у Пецярбургу ў 1913г. Выява Янкі Купалы неаднаразова інтэпрэтавалася мастакамі з пункту гледжання своесаблівага сімвала нацыі, яе сумлення. Менавіта так трэба разумець сэнс палотнаў У. Стэльмашонка «Сыны Радзімы», «Слова пра Беларусь» і М. Савіцкага «Сейбіты».

         Матэрыялы выставы дазваляюць не толькі ўбачыць фотаздымкі пералічаных карцін, але і даведацца пра гісторыю іх стварэння, атрымаць кароткія мастацказнаўчыя каментарыі. Акрамя таго, змешчаны фотаздымкі помнікаў, якія ўвекавечваюць памяць народнага песняра не толькі ў Беларусі –  у Мінску, Вязынцы, Ляўках, але і за межамі нашай краіны: у ЗША, у Ізраілі, у Кітаі.

Добавить комментарий