Літаратурны вечар – партрэт “Буду сніць і днямі і начамі”, прымеркаваны да 125 – годдзя Максіма Багдановіча

               У кожнага народа ёсць асобы, якімі ён асабліва ганарыцца. Імя Максіма Багдановіча напісана залатымі літарамі на нятленным палатне нашай гістарычнай памяці. Яго творчасць стала падзеяй у літаратурным жыцці нашай краіны.
Так, 9 снежня ў дзень нараджэння паэта Друеўская бібліятэка запрасіла дзяцей старэйшага школьнага ўзросту на літаратурны вечар – партрэт “Буду сніць і днямі і начамі”, прымеркаваны  да 125 – годдзя Максіма Багдановіча.
Да гэтага свята ў зале дзіцячага абанемента бібліятэкі была падрыхтавана тэматычная  выстава — экспазіцыя “Зорка Венера беларускай паэзіі”. На кніжнай выставе былі прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху паэта, зборнікі вершаў, часопісы.
На пачатку мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі для дзяцей правялі агляд ля кніжнай выставы “Зорка Венера беларускай паэзіі”, пазнаёмілі іх з літаратурай аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча і творамі паэта. Бібліятэкары звярнулі ўвагу школьнікаў на тое, што гісторыя літаратуры не ведае іншага прыкладу, калі паэт, які з дзяцінства жыў у рускамоўным асяроддзі, самастойна вывучыў мову продкаў і стаў геніем свайго народа…
Пасля агляда выставы бібліятэкары запрасілі вучняў на літаратурны вечар — партрэт, дзе яны даведаліся пра дзяцінства і юнацтва паэта, яго сям’ю, сяброў і каханне, пра апошнія хвіліны жыцця.
Падчас мерапрыемства пад лірычную мелодыю прагучалі цудоўныя вершы М. Багдановіча “Зорка Венера”, “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”. Слухачы змаглі пераканацца ў тым, як шмат душэўнага багацця, перажытага болю і шчырай радасці аўтар укладваў у свае творы.
Сустрэча ў бібліятэцы падарыла прысутным станоўчыя эмоцыі, заахвоціла да бліжэйшага знаёмства з творчасцю пісьменніка.
І няхай пройдуць гады і дзесяцігоддзі, зменяцца новыя пакаленні, але вечна, нязгасна і неўміруча будзе гарэць на небе зорка Максіма Багдановіча!
Ганна Маслякова,
бібліятэкар Друеўскай бібліятэкі – філіяла № 3

Добавить комментарий