У рамках бесперапыннай вучобы кадраў 17 мая ў Цэнтральнай бібліятэцы Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” прайшоў практыка-арыентаваны семінар бібліятэчных работнікаў “Бібліятэка як фактар захавання нацыянальнай культуры і краязнаўства”. Ва ўступным слове дырэктар бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская адзначыла важнасць краязнаўчай дзейнасці бібліятэк у агульнай справе захавання нацыянальнай спадчыны. Гэтую думку падтрымаў запрошаны на семінар галоўны захавальнік фондаў НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” М.Кахановіч. Міхаіл Мар’янавіч расказаў аб некаторых археалагічных знаходках і артэфактах, якія захоўваюцца ў музейных фондах, прывёў шмат цікавых гістарычных фактаў аб мінулым Браслава, адказаў на пытанні прысутных. У рубрыцы “Інфармацыйна- інтэлектуальная пляцоўка” з паведамленнем аб стварэнні летапісаў асабістай генерацыі і формах работы з імі выступіла бібліятэкар Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі Галіна Кандратовіч. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Валянціна Лук’янава зрабіла падрабязны аналіз вядзення бібліятэкарамі летапісаў клубаў па інтарэсах і дала парады па іх ўдасканаленню. У рубрыцы “Творчая майстэрня” выступілі: бібліятэкары Пагашчанскай бібліятэкі Алена Папкова, Друеўскай бібліятэкі Галіна Патуткіна, Іказненскай бібліятэкі Ірына Лясюк. Яны з дапамогай электронных прэзентацый паведамілі аб ходзе краязнаўчай эстафеты “Беларускае! Роднае! Сваё!”, якая праходзіць у біблятэках сістэмы да Года малой радзімы.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч аб’явіла пачатак фотакросу-конкурсу “Я люблю кнігу! Я люблю радзіму!”, які будзе праходзіць у бібліятэках з мая па верасень. Затым яна прэзентавала калегам новы буклет-краязнаўчую азбуку “Ад А да Я – Браслаўшчына мая”, які выдадзены аддзелам бібліятэчнага маркетынгу да Года малой радзімы.
На семінары працаваў стол інавацый з краязнаўчымі напрацоўкамі бібліятэк.
Пры падвядзенні вынікаў семінара дырэктар Вольга Ляснеўская зазначыла станоўчы вопыт бібліятэк сістэмы ў краязнаўчай рабоце, падкрэсліла неабходнасць актыўнага ўкаранення інавацыйных форм у бібліятэчнае краязнаўства.