У Іказненскай бібліятэцы заўсёды гасцінна адчынены дзверы. Тут з павагай сустракаюць кожнага чытача. Але асаблівую ўвагу работнік бібліятэкі надае рабоце з дзецьмі на канікулах, бо гэты час — унікальная магчымасць прыцягнення да кнігі новых чытачоў, стварэння прасторы творчасці і прыемных зносін з літаратурай для ўсіх жадаючых. У гэтыя дні афармляюцца выставы, праводзяцца розныя займальныя мерапрыемствы. Бібліятэкар імкнецца, каб дзеці навучыліся чамусьці новаму, атрымалі станоўчыя эмоцыі і пазітыўны зарад.
Вось і ў дні восеньскіх канікулаў работнік бібліятэкі арганізавала шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, была прапанавана выстава-гульня «Кніжны кот у мяшку». Цікавым момантам было тое, што юныя чытачы не бачылі якія кнігі стаяць на выставе, бо кожная кніга была запакавана ў каляровую паперу і пранумаравана. З маляўнічай скрыначкі чытач выбіраў бочачку з нумарам і выконваў заданне, якое было пад гэтым нумарам. Такім чынам, удзельнікі мерапрыемства падарожнічалі па старонках любімых кніг, дэманстравалі свае веды ў дзіцячай літаратуры, удзельнічалі ў розных конкурсах. А яшчэ, кнігу з адпаведным нумарам можна было ўзяць з сабой і прачытаць дома.
У наступны дзень для дзяцей было праведзена мульт-лато “Чытаем. Глядзім. Гуляем”. Трэба адзначыць, што дзеці праявілі сябе сапраўднымі знатакамі мультфільмаў, а таксама казак замежных і рускіх пісьменнікаў. А прагляд любімых мультфільмаў даў магчымасць правільна адказваць на пытанні віктарыны, разгадваць рэбусы і крыжаванкі.
Скончыліся канікулы ў бібліятэцы спартыўна-пазнавальнай гульнёй «Перед загадками старых картин«, якое было праведзена сумесна з Домам культуры. У гэты дзень кожны маленькі чытач мог паказаць свой талент: маляваць, праспяваць, патанчыць. Праявіць эрудыцыю і спартыўныя здольнасці.
Восеньскія канікулы ў бібліятэцы былі насычанымі, цікавымі і займальнымі. Спадзяемся, што ўсе, хто наведаў бібліятэку, яшчэ не раз прыдуць сюды, бо наперадзе шмат новага і дзіўнага, а сустрэча з добрай кнігай — гэта заўсёды свята.