Дзень роднай мовы ў Друеўскай бібліятэцы

Друеўскія бібліятэкары 21 лютага правялі на базе Друеўскай сярэдняй школы мерапрыемства “І прыгожа л’ецца па прасторы слова беларускай мовы”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Яно было накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў школьнікаў павагі і любві да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў. Удзельнікамі свята сталі вучні сярэдніх класаў.

Дзень роднай мовы і літаратуры праходзіў пад дэвізам “Смак мовы”.

Увазе вучняў была прадстаўлена кніжная выстава “Гукі роднай мовы пахнуць верасам і мятай”, на якой змяшчаліся кнігі па гісторыі беларускай мовы, беларускія часопісы, аўдыя-кнігі з творамі беларускай літаратуры, а значную частку займалі кнігі беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучаснікаў.

У атмасферы добразычлівасці прайшла размова пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы, пра неабходнасць яе захавання. Для вучняў быў праведзены агляд кніжнай выставы “Беларуская класічная літаратура”, дзе дзеці пазнаёміліся з кнігамі пісьменнікаў: М.Багдановіча, Я.Коласа, У.Караткевіча, якія ёсць у бібліятэчным фондзе. Пасля была праведзена гульня “Назаві слова”, спаборнічалі ў конкурсе “Пазнай твор па яго пачатку”, чыталі вершы на роднай мове.

Падчас апытання “Якое беларускае слова вы найбольш часта ўжываеце ў паўсядзённым жыцці?” ў лідэры выйшла слова “Дзякуй!”.

Кожны вучань падчас мерапрыемства меў магчымасць узгадаць самае прыгожае, на яго думку, слова на беларускай мове і напісаць яго на пялёстку рамонка, а потым змясціць каля рушніка, вывешанага на дошцы ў класе. Напрыканцы мерапрыемства рушнік змяшчаў больш за 30 беларускіх слоў, сярод якіх былі такія як: каханне, сонейка, Радзіма, шчырасць, свята, маці.

Свята запомнілася ўсім. Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.

Добавить комментарий