Далучыліся да народнага мастацтва

У наведвальнікаў Дзіцячай бібліятэкі з’явілася чарговая магчымасць далучыцца да народнага мастацтва, здзейсніўшы вандроўку ў краіну беларускіх майстроў “Цеплыня душы ў звычайных рэчах”. Дзеці  даведаліся, як раней  упрыгожвалі  хаты, мэблю, посуд. Убачылі разнастайныя творы кавальскага мастацтва: вароты, агароджы, рашоткі, жырандолі. Не менш цікавым быў аповед пра ганчароў і іх вырабы: абварны, чорназадымлены і глазураваны посуд, дахоўку, кафлю, гліняныя цацкі. Асаблівай увагі заслужыла ткацта, у прыватнасці, ручнікі, якія суправаджалі чалавека ўсё жыццё – ад нараджэння да смерці: у ручнік загортвалі немаўлятка, на ручніках апускалі ў магілу труну з нябожчыкам. Цікава было даведацца пра слуцкую персіярыю, дзе ткалі вядомыя на ўвесь свет паясы, пра бездзежскія фартушкі і іншыя вышываныя вырабы. Хлопчыкаў больш зацікавілі  вырабы з бяросты, салома- і лозапляценне. Даешся дзіву, як з самага звычайнага матэрыялу можна зрабіць такую прыгажосць! Не засталіся без увагі  выцінанкі і пісанкі, роспіс па шкле і  куфрах, маляванкі.

         Вандроўка атрымалася вельмі цікавая. Спадзяемся, што, паглыбіўшыся  ў свет народнага мастацтва, камусьці з дзяцей захочацца стварыць нешта падобнае, а для кагосьці гэта стане хобі.

Добавить комментарий