Раней нашу Радзіму называлі краінай замкаў і палацаў. На жаль, гэта архітэктурнае багацце, створанае папярэднімі пакаленнямі, нішчылася ў час шматлікіх войнаў, гарэла ў полымі частых пажараў, разбуралася з-за людской абыякавасці. Але грамадства паступова прыходзіць да разумення, што варта шанаваць як самыя старажытныя ці выключныя па сваіх мастацкіх якасцях збудаванні, так і невялікія сядзібы, будынкі гаспадарчага, вытворчага прызначэння. Таму да дня помнікаў і гістарычных месц Дзіцячая бібліятэка падрыхтавала два слайд-падарожжы: “Беларусь – краіна замкаў і палацаў” і “Замкі і сядзібы Браслаўшчыны”.
Падчас першага дзевяцікласнікі другой гарадской школы даведаліся пра гісторыю замкаў, якія вядомы не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны: Навагрудак, Ліда, Крэва, Нясвіж, Мір, Косава і нішыя. Захапленне прыгажосцю, мастацкай дасканаласцю выклікалі ў прысутных ранейшыя і сучасныя выявы і аповед пра палацы Сапег у Ружанах, Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе,фаварыта Кацярыны ІІ Р. Пацёмкіна ў Крычаве, Тызенгаўзаў у Паставах і інш.
А вось наведвальнікі другога мерапрыемства з вялікай зацікаўленасцю слухалі пра замкі, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Браслаўшчыны: Іказнь, Дрысвяты, Друя, Браслаў. У сярэдзіне 18 стагоддзя на тэрыторыі Браслаўскага павета было вядома каля ста сядзіб. Многія з іх вызначаліся багатым начыннем. Раскошныя зборы кніг, прадметаў мастацтва меліся ў Бяльмонтах, Відзы-Лаўчынскіх, Друі, Завер’і, Опсе. У найбольш заможных сядзібах утрымліваліся музыканты, садоўнікі. Дзеці ўбачылі на слайдах, як выглядаюць рэшткі гэтых маёнткаў зараз, даведаліся пра іх гісторыю.