Прывіццё любові да роднай мовы, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў – адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці бібліятэкі. На чытанку-забаўлянку «Беларускія паэты дзеткам-малалеткам» запрасіла Дзіцячая бібліятэка малодшы атрад аздараўленчага лагера СШ №2. Рабяты пазнаёміліся з вельмі маляўнічымі, цікавымі серыямі: «Нашым дзеткам», «Бібліятэка Асветыка», «Кнігі нашага дзяцінства», «Беларускія пісьменнікі дзецям», «Сучасныя пісьменнікі дзецям», «Жывая класіка дзецям», «Вясёлы калейдаскоп». Уразіла дзяцей тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў, што прагучалі: калыханкі, вершы, загадкі, небылічкі, басні, чыста- і скарагаворкі, апавяданні-карацелькі. Рабяты з задавальненнем слухалі творы А.Зэкава, А. Пісьмянкова, Н. Галіноўскай, В. Гардзея, А. Якімовіча, Ул. Мазго, М. Маляўкі і інш. Усім спадабаўся мультыплікацыйны фільм на беларускай мове «Лагодны воўк».