Чытаць, каб зрабіць свет лепшым

Кожны год у канцы сакавіка ва ўсіх бібліятэках нашай краіны праходзіць выдатнае свята – Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. У гэтым годзе свята адзначае свой 80-гадовы юбілей!
Самы першы Тыдзень дзіцячай кнігі прайшоў у Маскве, у сакавіку 1943 года. Ішла Вялікая Айчынная вайна, але дарослыя ў гэты цяжкі час здолелі правесці для дзяцей цудоўнае свята. З той пары Тыдзень дзіцячай кнігі стаў добрай традыцыяй.
У першы дзень Тыдня ў Слабодкаўскай бібліятэцы адбылася экскурсія ў бібліятэку “Кніжкін дом”.
Бібліятэкары гасцінна сустрэлі дзяцей, пазнаёмілі іх з цікавымі кнігамі і часопісамі, расказалі пра правільнае абыходжанне з кнігамі.
Другі дзень Тыдня быў прысвечаны дзіцячай перыёдыцы.
Падчас гульні-падарожжа па падпісцы “Мир путешествий и другие…”, дзеці азнаёміліся з часопісамі, якія выпісвае бібліятэка.
У ходзе падарожжа ў свет дзіцячых часопісаў чытачы даведаліся, колькі цікавых і карысных выданняў ёсць ў бібліятэцы.
Трэці дзень быў прысвечаны Дню любімай казкі.
Казка – гэта дзіўная краіна, у якой адбываюцца самыя незвычайныя дзівосы. Мы ўсе з дзяцінства любім казкі. Яны расказваюць нам пра дабро і зло, дапамагаюць пазнаваць свет.
У гэты дзень Слабодкаўская бібліятэка для дзяцей правяла майстар-клас “Попробуем сочинить сказку”.
Пабываўшы на мерапрыемстве, рабяты ператварыліся ў сапраўдных пісьменнікаў.
Чацвёрты дзень Тыдня быў прысвечаны краязнаўству.
Падчас відэа-прэзентацыі “Слабодка – падарожжа праз стагоддзі” удзельнікі азнаёміліся з гісторыяй роднага аграгарадка і яго наваколля, са знакамітымі людзьмі і цікавымі мясцінамі. А затым ў пісьмовай форме была праведзена гістарычная эстафета “Знаўца роднага краю”.
У гэты дзень гучалі вершаваныя радкі пра родную Слабодку і Браслаўшчыну ў выкананні мясцовага паэта Данііла Канстанцінавіча Ваўчка.

Добавить комментарий