Семінар бібліятэчных работнікаў

У рамках бесперапыннай вучобы кадраў 18 мая ў Дзяржаўнай установе культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна”  прайшоў семінар бібліятэкараў “Роля і месца бібліятэкі ў сучасным інфармацыйна-камунікатыўным асяроддзі рэгіёна”.

Пачаўся семінар з работы інфармацыйна-інтэлектуальнай пляцоўкі. Па пытанню “Сацыяльнае партнёрства публічных бібліятэк Браслаўскага раёна” выступіла бібліятэкар Валянціна Лук’янава. Затым для  прысутных упершыню была арганізавана інавацыйная форма павышэння кваліфікацыі: загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч правяла метадычны мост “Сацыяльнае і карпаратыўнае ўзаемадзеянне – умовы ўстойлівага развіцця бібліятэк”. Бібліятэкарам было прапанавана па распрацаванай шкале балаў ацаніць узровень супрацоўніцтва сваіх устаноў з іншымі арганізацыямі і ўстановамі і наглядна адлюстраваць на спецыяльным планшэце месца сваёй бібліятэкі ў рэйтынгу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У выніку сумеснай пабудовы нагляднай схемы ўзаемадзеяння бібліятэкі з іншымі сацыяльнымі партнёрамі высветлілася, что сельскія бібліятэкі найбольш актыўна кантактуюць з мясцовымі органамі ўлады, установамі культуры, адукацыі, аховы здароўя сваёй мясцовасці, з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу. У Цэнтральнай і Дзіцячай бібліятэках кола партнёрскіх сувязей больш шырокае. Яны актыўна супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, з Нацыянальным паркам “Браслаўская азёры”, праваахоўнымі, сілавымі, рэлігійнымі структурамі, беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Актыўны ўдзел у рабоце метадычнага маста прынялі бібліятэкары Вольга Алёхна з Богіна, Ірына Лясюк з Іказні, бібліятэкар Цэнтральнай бібліятэкі Наталля Вансовіч і іншыя. Дзякуючы сваёй нагляднай форме, метадычны мост паказаў рэальныя напрамкі дзейнасці, па якіх бібліятэка  павінна актывізаваць сваю работу.  Падводзячы вынікі работы метадычнага маста, дырэктар сістэмы Вольга Ляснеўская адзначыла, што ў наш час толькі добра наладжаныя сувязі з зацікаўленымі арганізацыямі і людзьмі фарміруюць станоўчы імідж бібліятэк у грамадстве і спрыяюць павышэнню якасці іх работы.

У рубрыцы “Творчая майстэрня” сваімі напрацоўкамі аб сумеснай рабоце бібліятэкі з установамі і арганізацыямі аграгарадка Пагошча з прысутнымі падзялілася бібліятэкар Пагашчанскай бібліятэкі Алена Папкова. Затым прайшоў бібліятэчны практыкум “Прэзентацыя работы бібліятэкі з дапамогай мультымедыйных сродкаў”, падчас якога прысутныя пазнаёміліся з асноўнымі правіламі стварэння і афармлення камп’ютарных прэзентацый.

Аб інавацыйных формах работы бібліятэк рэспублікі калегам расказалі бібліятэкары Галіна Кандратовіч, Наталля Вансовіч і Наталля Камісарава, якія павышалі сваю кваліфікацыю на рэспубліканскіх і абласных курсах. Усе выступленні суправаджаліся мультымедыйнымі прэзентацыямі.

Пры падвядзенні вынікаў семінара дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская заклікала бібліятэкараў праяўляць больш актыўнасці ў наладжванні партнёрскіх сувязей з іншымі арганізацыямі і ўстановамі, шукаць новыя, нестандартныя рашэнні для стварэння прывабнага іміджу бібліятэк сярод насельніцтва.                                                  

 

Добавить комментарий