З нагоды 73-годдзя святкавання Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Іказненскай бібліятэцы прайшоў месячнік баявой славы “Памяць праз гады…”. На працягу месяца ў бібліятэцы праводзіліся мерапрыемствы для розных катэгорый чытачоў. Урок памяці “Толькі сэрца гаворыць…”, Дзень буктрэйлераў “Усё помнім”, паэтычная хвілінка “Чытаем вершы пра вайну”.
Была арганізавана выстава — ушанаванне “Каб помнілі. Каб ведалі. Каб змагаліся”. На выставе былі прадстаўлены матэрыялы краязнаўчага зместу, фотаздымкі, газетныя і часопісныя матэрыялы, буклеты з серыі “Гераічныя імёны Браслаўшчыны”, мастацкая літаратура.
“Арляняты Вялікай Айчыннай” — пад такой назвай прайшла гадзіна мужнасці, на якой прысутнічалі вучні мясцовай школы.
Дзеці вайны…
Ім не спявалі маткі калыханкі,
Яны не чулі казак ад дзядоў,
Палохаў іх ахрыплы голас танкаў,
Трывожыў іх журботны енк удоў.
Так пачыналася гадзіна мужнасці, на якой ішла размова пра хлопчыкаў і дзяўчынак, тых, хто і па сённяшні дзень памятае пра першы і апошні дзень вайны, хто прайшоў зняволенае рабства, каго асіраціла вайна, каго скалечыла акупацыя і эвакуацыя, хто побач з дарослымі ваяваў з нямецкімі захопнікамі і прайшоў усе выпрабаванні вайны.
Бібліятэкар напомніла і расказала прысутным пра гераізм мясцовай піянеркі – партызанкі Клавы Шынкевіч.
Ладзіўся ў бібліятэцы і агляд літаратуры аб Вялікай Айчыннай вайне “Летапіс мужнасці”, падчас якога бібліятэкар пазнаёміла чытачоў з кнігамі ваеннай тэматыкі.
На чарговым пасяджэнні клуба па інтарэсах “Натхненне”, была праведзена літаратурна-музычная вечарына “Вайна. Жанчына. Каханне”. Кранальныя маналогі, вершы аб мужнасці жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны не маглі пакінуць раўнадушным нікога.
З вялікім задавальненнем прысутныя паглядзелі буктрэйлер па кнізе С. Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”.
На працягу ўсяго мая дзейнічала акцыя — марафон “Чытаем кнігі пра вайну”, быў праведзены бібліядэсант “Падарунак для ветэрана”. Бібліятэкар, сумесна з выконваючай абавязкі старшыні Цяцеркаўскага сельсавета І.Ч. Янковіч, наведалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Іодчыка Антона Уладзіміравіча, падарылі яму кветкі, падарункі, а таксама шчырыя словы віншавання.