Пасля летняга перапынку 18 жніўня ў чытальнай зале Цэнтральнай бібліятэкі адбылася чарговая нарада бібліятэчных работнікаў “Дзень прафесійных зносін”. Як заўсёды, яна была насычанай і пазнавальнай.
Ужо стала добрай традыцыяй запрашаць на такія пасяджэнні цікавых людзей розных прафесій. На гэты раз удзел у гадзіне здароўя “Здаровая асоба – здаровае грамадства” прыняла ўрач-тэрапеўт Цэнтральнай раённай бальніцы Алена Лаўрэнкова, якая расказала аб важнасці дыспансерызацыі для выяўлення розных захворванняў на ранніх стадыях, асаблівую ўвагу звярнула на прафілактыку захворванняў жанчын і дала слушныя парады па здароваму ладу жыцця.
Затым дырэктар бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская агучыла асноўныя палажэнні адзінага дня інфармавання, у рубрыцы “Трыбуна дырэктара” звярнула ўвагу прысутных на важныя накірункі ў рабоце бібліятэк на бліжэйшы час. Гэта гатоўнасць устаноў да творчага сезону і восеньска-зімовага перыяду, аб рабоце бібліятэк насустрач выбарам у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, аб супрацоўніцтве з установамі сацыяльнай сферы ў правядзенні сацыякультурных мерапрыемстваў і інш.
Далей работнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу зрабілі аналіз Летапісаў бібліятэк і электронных прэзентацый, створаных работнікамі бібліятэк, звярнулі ўвагу на недахопы ў вядзенні і афармленні прадстаўленых матэрыялаў, далі рэкамендацыі па іх ухіленню.
У рубрыцы “Прафесійная майстэрня” свае выступленні прадставілі бібліятэкар Мількаўскай бібліятэкі Галіна Антанёнак і бібліятэкар з Друйска Ала Жукоўская.
Затым на нарадзе быў аб’яўлены конкурс на лепшы бібліятэчны слоган сярод работнікаў і карыстальнікаў бібліятэк, пераможцы якога будуць вызначаны падчас святкавання Дня бібліятэк у верасні.
Пры падвядзенні вынікаў дырэктар Вольга Ляснеўская падкрэсліла абавязковасць выканання задач, пастаўленых падчас нарады, адзначыла высокі ўзровень яе правядзення, актыўны ўдзел і зацікаўленасць бібліятэкараў у абмеркаванні вынесеных пытанняў.
Валянціна Лук’янава, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу