Бібліятэчная выстава да Дня Незалежнасці

Разам з усёй краінай адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь бібліятэкі Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна”. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх філіялах сістэмы напярэдадні галоўнага свята краіны.

         Цэнтральная бібліятэка прысвяціла гістарычным падзеям 3 ліпеня разгорнутую кніжную выставу на адкрытай пляцоўцы. Выстава размяшчалася ў зоне комплекса Свабодная бібліятэка, побач з галоўнай плошчай Браслава, на якой у гэты час адбываўся святочны мітынг. Выстава пад назвай “Беларусь і Браслаўшчына: багатая гісторыя, годная сучаснасць” складалася з раздзелаў, прысвечаных падзеям вызвалення Беларусі, Віцебшчыны і Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сучасным дасягненням краіны, вобласці, раёна.

         Матэрыялы выставы выклікалі жывы інтарэс у жыхароў і гасцей горада. Наведвальнікі з задавальненнем знаёміліся з кнігамі беларускіх выдавецтваў з фондаў бібліятэкі, слухалі інфармацыю-суправаджэнне ад бібліятэчнага спецыяліста, фатаграфаваліся разам з самымі шыкоўнымі кнігамі. За 4 гадзіны, якія дзейнічала выстава, яе наведалі больш 70 чалавек, што для горада з насельніцтвам каля 10 тысяч не так і мала! Гэта не першы станоўчы вопыт афармлення бібліятэкай выстаў у фармаце open air, і ён будзе працягвацца.

Добавить комментарий