5 сакавіка споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, байкапісца, празаіка, перакладчыка, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Пятро Глебка адзначыў надзвычай шырокі дыяпазон яго творчасці, растлумачыўшы гэта тым, што “пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі: ён бачыць у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае”.
З нагоды юбілею Кандрата Крапівы ў Дзіцячай бібліятэцы наладжана выстава пад назвай “Змагарны дух і творчае натхненне…” Тут прадстаўлены як шматтомнікі, так і выданні асобных драматычных твораў, зборнікі баек. Маюцца таксама нарысы жыцця і творчасці пад аўтарствам Анатоля Сабалеўскага, грунтовая літаратуразнаўчая праца С.С. Лаўшука “Кандрат Крапіва і беларуская драматургія”.
У рубрыцы “Загадка – розуму зарадка” змешчаны загадкі для дзяцей ад дзеда Кандрата, аснаваныя на аманіміі. Знайшла сваё месца на выставе таксама байка “Давялося свінні на неба глядзець” як узор гэтага жанру. Яна вельмі злабадзённая, бо высмейвае людзей, што жывуць толькі матэрыяльнымі патрэбамі, не маючы ніякіх духоўных памкненняў: “А мне мілей маё карыта”.
Пад агульным загалоўкам “Добры пераклад з арыгіналам стаў у рад” можна пазнаёміцца з перакладам басні І. А. Крылова “Ворона и Лисица” и урыўка з верша “Необычайное приключение, бывшее с Владимиром Маяковским летом на даче”. Акрамя гэтых аўтараў, К. Крапіва перакладаў Тараса Шаўчэнку, Адама Міцкевіча, Аляксандра Твардоўскага адпаведна з украінскай, польскай, рускай моваў. Пераклады дэманструюць талент К. Крапівы-лірыка, які вельмі добра адчуваў ўсе адценні слова, яго музыку.
Запрашаем наведаць нашу выставу!