Святочная атмасфера панавала ў Пагашчанскай бібліятэцы ўсе зімовыя канікулы, і таму дзеці з асобай цікаўнасцю прыходзілі на арганізаваныя мерапрыемствы. Вучні-пачаткоўцы ў час бібліятэчных пасядзелак зрабілі сваімі рукамі віншавальныя паштоўкі “З калядамі”. Для ўсіх наведвальнікаў праводзілася экскурсія па бібліятэцы “Калядны настрой”, у час якой дзеці знаёміліся з вырабамі пагашчанскіх майстрых і асаблівасцямі выканання кампазіцый з прыроднага матэрыялу. Асаблівую цікаўнасць для дзяцей прадстаўлялі мяккія цацкі, якія як быццам сышлі з каляднага вярцепа.
У час прэзентацыі кніжнай выставы “Ціхі свет Радства Хрыстова” маленькім наведвальнікам пры дапамозе кардонных фігурак хатняга тэатра была паказана евангельская гісторыя “Нараджэнне немаўляці Іісуса Хрыста”.
Для вучняў 5-7 класаў быў арганізаваны дынамічны квест-бібліякэшынг “Пошук кніжных скарбаў”. Падчас яго дзецям прыйшлося шукаць кнігі аб таямнічых кладах і піратах, разгадваць крыжаванкі і загадкі. У выніку таямнічая скарбонка з прызамі была знойдзена!