Юбіляр месяца

10 ліпеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Пётры Сергіевіча (1900–1984), беларускага і літоўскага мастака, графіка, ураджэнца Браслаўшчыны. Пачатковую адукацыю атрымаў у фабрычнай школе в. Плятарова, затым вучыўся ў вольнай школе малюнка і жывапісу ў Вільні, а пасля быў “вольным слухачом” у Віленскім універсітэце. Самастойны творчы шлях мастака пачаўся ў 20-30 гады. П.Сергіевіч плённа працуе ў галіне партрэта, сюжэтнай кампазіцыі, пейзажу. Тэматыка яго твораў звязана з асяроддзем, з якога выйшаў сам (“Пастушок”, “Ткачыха”, “Дрывасек” і інш.). У 1932 годзе стаў членам Віленскага Саюза незалежных мастакоў. Найбольш вядомыя карціны мастака: “Усяслаў Чарадзей выпраўляецца на вайну”, “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”, “Забытая званіца”, “На сінім прасторы”, “Дарогай жыцця” і інш. Творчасць Пётры Сергіевіча пакінула важкі след у мастацтве Беларусі. Спадчына яго налічвае больш пяцісот работ, якія захоўваюцца ў буйнейшых музеях Беларусі і Літвы, у прыватных калекцыях аматараў творчасці мастака многіх краін свету.

Добавить комментарий