Вечных ісцін нязгаснае святло – гэта кніга!

Правядзенне Тыдня беларускага пісьменства і друку стала ў Друеўскай бібліятэцы адметнай з’явай культурнага жыцця і сімвалам шанавання духоўных каштоўнасцей. Гэта свята вяртае нас да гістарычных каранёў і вытокаў, сведчыць аб захаванні традыцый мінулых пакаленняў ад часоў Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, узвышае прэстыж пісьменства як аснову нацыянальнай культуры.

Да свята ў чытальнай зале бібліятэкі была падрыхтавана разгорнутая кніжная выстава — свята “Мовы скарб зберажом, каб сябе адчуваць чалавекам”.

У першую нядзелю верасня ў Друеўскай бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства “Вечных ісцін нязгаснае святло – гэта кніга!”.

Напачатку мерапрыемства бібліятэкар павіншавала дзяцей з пачаткам навучальнага года і Тыднем беларускага пісьменства і друку. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй развіцця пісьменства ў Беларусі, змаглі прасачыць шлях чалавецтва да друкаванай кнігі, замацавалі здабытыя веды ў гульнях “Кнігадрукарства таго і сучаснага часу”, “З гістарычнай лексікі”.

Пасля гэтага прысутныя зрабілі вандроўку ў мінулае і даведаліся пра найбольш яркага і значнага прадстаўніка беларускай культуры эпохі Адраджэння Францыска Скарыну.

Таксама дзеці пазнаёміліся з жыццёвым шляхам знакамітых асоб — Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Ефрасінни Полацкай.

Звесткі аб славутых людзях зямлі беларускай, у тым ліку і пачынальніках кнігадрукавання, бібліятэкар прапанавала знайсці ў кнізе Уладзіміра Бутрамеева “Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі”, а таксама ў іншых выданнях, якія маюцца ў бібліятэцы.

Напрыканцы мерапрыемства вучні пазнаёміліся з сучасным працэсам выдання кнігі праз прагляд відэароліка “Як робяць кнігі?”.

Скончылася свята беларускага пісьменства і друку запаветнымі словамі Францыска Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.

Добавить комментарий