У Відзаўскай бібліятэцы прайшла вечарына-ушанаванне “Паклон ад нас прыміце, Песняры”

У рамках месячніка па папулярызацыі беларускай кнігі і літаратуры ў верасні ў Відзаўскай гарпасялковай бібліятэцы прайшла вечарына-ушанаванне “Паклон ад нас прыміце, Песняры”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа.

Пачалося мерапрыемства з прыгожай песні на словы Я.Коласа – “Мой родны кут”, у выкананні салісткі ўзорнай студыі “Фартуна” пры Відзаўскім ДК Сабіны Шчэцінай.

Вядучыя вечарыны Леанід Дзікцяроў, выкладчык Відзаўскага ДПТК і Таццяна Стома, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Відзаўскай СШ распавялі прысутным аб жыцці і творчасці вялікіх песняроў Беларусі. Іх аповед удала спалучаўся з дэманстрацыяй відэакліпаў песень на словы Я.Купалы і Я.Коласа.

Цёпла сустракалі гледачы інсцэніроўку ўрыўка з п’есы Я.Купалы “Паўлінка” у выкананні сям’і Кандратовіч, а таксама інсцэніроўку байкі “Павук і муха”, ролі ў якой выконвалі Сабіна Шчэціна і Злата Міткевіч.

Свае любімыя вершы Я.Купалы і Я.Коласа прачыталі члены аб’яднання Людміла Шакур і Галіна Сергіевіч.

Вечарына-ушанаванне атрымалася сапраўды яркай, насычанай і цікавай.

   

Добавить комментарий