19 лютага Ахрэмаўская бібліятэка аб’явіла пачатак Тыдня роднай мовы “Лёс мой, радасць мая – мова мая!”. З гэтай нагоды бібліятэкары разгарнулі выставу-інсталяцыю, якая сваёй самабытнасцю напамінае наведвальнікам аб значнасці роднай мовы, аб яе прыгажосці і мілагучнасці.
Затым работнікі завіталі з акцыяй-заклікам “Размаўляй са мной па-беларуску” у Ахрэмаўскую ДССШ, амбулаторыю, сельскі Савет і да работнікаў ААТ “Райаграсэрвіс”.
Бібліятэкары прапагандавалі беларускую літаратуру сучасных аўтараў і класікаў, гаварылі аб значнасці роднай мовы, дарылі памятныя лістоўкі.
У сваю чаргу жыхары аграгарадка з задавальненнем удзельнічалі ў акцыі, бралі цікавыя кнігі і размаўлялі па-беларуску, што і з’яўлялася галоўным лейтматывам бібліятэчнай акцыі.
Для аднавяскоўцаў, на іх працоўных месцах бібліятэкары правялі гутарку-дыялог аб роднай мове пад назвай “Родная мова – годнасці аснова”, з якой кожны слухач вынес для сябе, што ведаць сваю мову і размаўляць на ёй, з’яўляецца вялікай гордасцю і каштоўнасцю. На працягу ўсяго тыдня бібліятэкары плануюць наведаць і іншыя прадпрыемствы аграгарадка, а таксама правесці з дзіцячым чытачом розныя мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай літаратуры і мовы.
Увесь тыдзень пройдзе пад лозунгам “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі” знакамітага беларускага паэта Францішка Багушэвіча.