Свята вёскі ў Ахрэмаўцах

Кожны год аграгарадок Ахрэмаўцы святкуе Дзень вёскі. Не стаў выключэннем і гэты год. Акрамя канцэрта, вясёлых атракцыёнаў і іншых забаў, для жыхароў і гасцей сяла Ахрэмаўскай бібліятэкай была разгорнута кніжная выстава ў зоне адпачынку “Лукамор’е”, дзе па традыцыі ўсіх прысутных сустракаў вучоны кот і маленькая свабодная бібліятэчка з новай і цікавай літаратурай. Бібліятэка ўсё часцей прымяняе такую форму работы, як “Бібліятэка па-за сценамі”, што несумненна падабаецца чытачам.

Кніжная выстава праходзіла ў рамках дэкады краязнаўчай эстафеты — “Беларускае. Роднае. Сваё”. На ёй размясціліся кнігі гістарычнага жанру беларускіх аўтараў, а таксама літаратура аб першадрукарах і асветніках Беларусі пад назвай “Дарога да святыняў друкаванага слова”. Выстава была прымеркавана да Дня беларускага пісьменства і друку. Бібліятэкары знаёмілі прысутных з кнігамі беларускіх аўтараў, раздавалі лістоўкі са спісамі новых беларускіх кніг “Чытаем беларускае” і дарылі пазітыўны настрой. Самыя маленькія чытачы з задавальненнем чыталі і разглядвалі маляўнічыя часопісы і кнігі, рабілі “сэлфі” з вучоным катом, які ў той дзень быў самым запатрабаваным казачным героем. А жыхары і госці аграгарадка пакідалі свята з добрым настроем і кнігай.                                       

Добавить комментарий