У кожнага чалавека павінна быць якое-небудзь захапленне, якое выцягвае яго з паўсядзённых руцінных клопатаў, дазваляе яму ўзляцець на крылах натхнення над шэрымі буднямі і напоўніць сэнсам сваё жыццё.
29 мая ў Пагашчанскай бібліятэцы адбылася сустрэча з такім вось апантаным чалавекам з разнастайнымі захапленнямі Эдуардам Эдуардавічам Балочкам.
Эдуард Эдуардавіч — выдатны майстар па дрэве і апантаны калекцыянер. Яго кватэра знаходзіцца ў в. Злота, акурат ля таго месца, дзе калісьці месцілася прыдарожная карчма. Яе наведвальнікі ў лёгкім падпітку гублялі тут багата медзякоў, і, бывала, прылад працы.
Таму выстава, якую прэзентаваў Эдуард Эдуардавіч, склалася з дзвух частак: калекцыі старажытных манет (самая старэйшая – “денга” — датуецца 1731 годам) і экспазіцыі адрэстаўрыраваных кованых сякер. Выставу дапаўняюць гістарычныя энцыклапедыі з фондаў бібліятэкі з каляровымі выявамі сярэднявечных ваяроў і сялян з сякерамі.
Усе сякеры, экспанаваныя на выставе, знойдзены ў Браслаўскім раёне. Майстар старанна адшліфаваў іх і зрабіў да кожнай драўлянае тапарышча.
Прысутныя пачулі цікавы і захапляльны аповед аб выкарыстанні баявых і бытавых сякер, прыёмах іх ужывання на полі бітвы і ў паўсядзённым жыцці. Услухайцеся толькі ў гэтыя назвы: шклют-шпалачос (сякера для абчэсвання бярвення), барта (сякера з шырокім лязом), брэдакс (баявая нямецкая сякера), калун (сякера для колкі дроў) і інш. Напрыканцы ўсе жадаючыя мелі магчымасць сфатаграфавацца з упадабанай сякерай.
Прыемна адзначыць, што на мерапрыемства ў гэты раз завіталі нават некалькі жыхароў з суседняга аграгарадка Опса.
