Семінар бібліятэчных работнікаў

30 кастрычніка работнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна прынялі ўдзел у выязным семінары “Сучасная бібліятэка: дыяпазон метадаў, ідэй і практыкі”. Семінар адбыўся на базе Друеўскай бібліятэкі, якая з’яўляецца адной з лепшых у сістэме. Наведванне пасёлка пачалося з цікавай экскурсіі па гістарычных мясцінах Друі. Экскурсію для калег правяла бібліятэкар Друеўскай бібліятэкі Ганна Маслякова. Затым, непасрэдна ў бібліятэцы, удзельнікаў семінара сустракаў бібліятэчны персанаж Бібліоша, які правёў экскурсію па бібліятэцы і этнаграфічнаму кутку, пазнаёміў з выставачнай дзейнасцю ўстановы. Ролю Бібліошы таленавіта выканала бібліятэкар Галіна Патуткіна.

Семінар пачаўся з работы інфармацыйна – інтэлектуальнай пляцоўкі. Вопытам работы па ўкараненню інавацыйных форм работы “Сучасная бібліятэка: крэатыўны вектар” абмяналіся бібліятэкары Ганна Маслякова з Друеўскай, Галіна Кандратовіч з Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч. Усе выступленні суправаджаліся электроннымі прэзентацыямі.

У рубрыцы “Творчая майстэрня” былі падведзены вынікі фотакросу-конкурсу “Я люблю кнігу! Я люблю радзіму!”, які праходзіў у бібліятэках сістэмы і прысвячаўся Году малой радзімы. За актыўны ўдзел у конкурсе былі адзначаны Відзаўская гарпасялковая, Плюская і Друеўская бібліятэкі. Аддзел бібліятэчнага маркетныгу прэзентаваў для ўдзельнікаў семінара чарговае метадычнае выданне – дзясяты выпуск Ліста бібліятэчных ідэй.

Затым дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская закранула шмат важных пытанняў па арганізацыі дзейнасці публічных бібліятэк раёна, акрэсліла агульныя накірункі работы сістэмы ў будучым годзе.

Наступным пунктам семінара стала наведванне Слабодкаўскай бібліятэкі, дзе адбылася сустрэча з творчым актывам Клуба цікавых сустрэч. Клуб пры бібліятэцы працуе ўжо шмат гадоў; для ўдзельнікаў семінара былі прадэманстраваны  формы работы клуба ў рамках Года малой радзімы. Таленавітыя мясцовыя паэты Аўгуст Вайцяховіч, Данііл і Святлана Валчок, загадчык Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра Вольга Садоўская і бібліятэкар Марына Васілеўская выканалі для прысутных некалькі песень, напісаных на ўласныя вершы і музыку.

Пры падвядзенні вынікаў семінара дырэктар ЦБС В.Ляснеўская адзначыла высокі ўзровень яго падрыхтоўкі і правядзення, значнасць закранутых пытанняў і актыўнасць ўдзельнікаў.                          

Добавить комментарий