Паэтычны дэсант у аграгарадках Браслаўшчыны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Сусветнаму дню паэзіі была прысвечана акцыя “Браслаўскія аграгарадкі чытаюць патрыятычныя радкі”, якая прайшла ў бібліятэках Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна”. Удзел у акцыі прынялі публічныя бібліятэкі ў 10 аграгарадках Браслаўшчыны. Бібліятэкары выйшлі па-за сцены сваіх устаноў, каб ахапіць паэтычнай “хваляй” як мага больш сваіх землякоў. Паэтычны дэсант з радасцю віталі ў школах, установах культуры, лясніцтвах, медыцынскіх установах, канторах сельгаспрадпрыемстваў, аддзяленнях сувязі, крамах, на вуліцы. Вершы замежных, беларускіх і мясцовых аўтараў ваеннай тэматыкі чыталі ўслых як самі бібліятэкары, так і іх аднавяскоўцы. Добрая паэзія не ведае моўных і нацыянальных абмежаванняў: імправізаваныя народныя паэтычныя чытанні праходзілі як на беларускай, так і на рускай мовах.

Кранальныя вершаваныя радкі П.Панчанкі, М.Танка, А.Куляшова К.Камейшы, М.Пазнякова, А.Зэкава, І.Муравейкі, П.Глебкі, К.Сіманава, А.Твардоўскага, Ю.Друнінай, Э.Асадава не пакінулі абыякавымі як дарослых, так і дзяцей. Найбольш актыўна патрыятычныя радкі чыталі жыхары аграгарадкоў з бібліятэкарамі Ахрэмаўскай, Іказненскай, Богінскай, Мяжанскай бібліятэк. Удзельнікі акцыі актыўна бралі прапанаваную бібліятэкарамі літаратуру для далейшага самастойнага чытання.

Добавить комментарий