Падарунак пісьменніцы пагашчанскім чытачам

Выстава адной кнігі адкрылася ў Пагашчанскай бібліятэцы. Гэта новая казка Тамары Пятроўны Бунта “Сад з матылькамі”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у канцы 2020 года. Т. Бунта – вядомая беларуская пісьменніца, член “Саюза пісьменнікаў Беларусі”,  былы галоўны рэдактар часопіса “Алеся”. Яна даслала кніжку ў Пагашчанскую бібліятэку з аўтарскімі пажаданнямі.

         Галоўная гераіня казкі “Сад з матылькамі” – дзяўчынка Даша – разумее мову дрэў, кветак, птушак, жукоў, матылькоў і робіць для іх шмат добрых спраў. Яе прыгожы дом пад высокім чырвоным дахам аздоблены вытанчанай разьбой і нагадвае казачны церам. А побач з ім – цудоўны сад, поўны дзіўных матылькоў. Усе насельнікі саду лічаць, што Даша – іх Прынцэса – самая шчаслівая на свеце, бо ездзіць на вазку. Але яны не разумеюць, што вазок гэты – інвалідны…

         Кніга «Сад з матылькамі» раскрывае праблемы дзетак з асаблівасцямі, якія і раней падымалі пісьменнікі ў сваіх творах: В. Караленка «Сляпы музыка», В. Катаеў казка «Кветка-семікветка».

         У кожнага часу павінна быць свая такая кніга, і яна з’явілася: пранікнёная, душэўная сучасная казка з прыгожай жыццесвярджальнай канцоўкай. Яна вучыць, як ставіцца да дзяцей з асаблівасцямі, як разумець іх, як дапамагаць ім адаптавацца ў сучасным жыцці.

Добавить комментарий